Мінскі "Камволь" завершыць мадэрнізацыю ў першай палове 2016 года

3 декабря 2015

А для выдзялення дадатковых сродкаў на інвестпраект прадпрыемству трэба падрыхтаваць абгрунтаванне. Гэта сёння заявіў прэм'ер-міністр краіны падчас наведвання камбіната. Андрэй Кабякоў азнаёміўся са станам спраў на вытворчасці, агледзеў не толькі абноўленыя цэхі, але і памяшканні, дзе працягвае працаваць старое абсталяванне. З пачатку мадэрнізацыі на "Каволь" паступіла больш за 170 станкоў і машын больш як на 35 мільёнаў еўра. Новая тэхніка дазваляе значна аптымізаваць вытворчасць. Напрыклад, на прадзільным участку 24 новыя станкі выконваюць работу 70-ці старых. 60 машын закупілі і для ткацкага цэха. Такім чынам, з'явілася магчымасць выпускаць больш тонкую шарсцяную пражу для выпрацоўкі сучасных тканін касцюмнага асартыменту. Але вырабіць якасны тавар - палова справы. Сярод прыярытэтных задач для "Камволя" - пошук рынкаў збыту. Застаецца і шэраг пытанняў, звязаных з разгрузкай складоў і з выкарыстаннем свабодных плошчаў.

Нагадаем, мадэрнізацыя камбіната пачалася ў 2013 годзе па даручэнні Прэзідэнта краіны. ААТ "Камволь" - найбуйнейшае ў СНД прадпрыемства з поўным цыклам вытворчасці: ад перапрацоўкі шэрсці да выпуску тканін. Пасля выхаду на поўную магутнасць "Камволь" зможа вырабляць 6 мільёнаў пагонных метраў тканіны штогод.