Мінская вобласць завяршыла ўборку агародніны

8 ноября 2013

Зараз ідзе фарміраванне стабфонду плодаагародніннай прадукцыі на міжсезонне. Дарэчы, яе павінна хапіць да вясны наступнага года. Аляксей Кандраценка адправіўся на адно з самых вялікіх сховішчаў для агародніны ў краіне і даведаўся, у якім выглядзе прадукцыя трапіць на прылаўкі магазінаў.



З выгляду як ангар для самалётаў, але рыхтуюць тут да транспарціроўкі на прылаўкі магазінаў агародніну. Адно з самых вялікіх сховішчаў для агародніны не толькі ў вобласці, але і ўсёй Беларусі напярэдадні з'явілася ў Смалявіцкім раёне. Гігант разлічаны на 10 тысяч тон прадукцыі.


Ніна Жалязнова, дырэктар аграпрамысловага прадпрыемства: У нас ужо ёсць сховішчы для агародніны, якія мы перабудоўвалі, устанаўлівалі мікраклімат. Але яны невялікія - на 1500- 2000 тон. А штогод мы атрымліваем прадукцыі да 10 000 тон. Таму мы і вырашылі пабудаваць такое сховішча.



У кожнага віду агародніны свае апартаменты - зручныя і камфортныя.


Ўмовы захоўвання бульбы, цыбулі, морквы ці буракоў тут сапраўды курортныя. Святло, кіслародныя кактэйлі, добрая вільготнасць і тэмпература. У меню, як гавораць, усё уключана.


Самы хадавы тавар - бульба. Для яе больш за ўсё месца. Усе працэсы кантралюе камп'ютар. Гэта гарантуе захаванасць вітаміннай прадукцыі да наступнага сезона. Такім чынам пакупнік у лютым ці сакавіку можа купіць свежы, а значыць карысны прадукт.


Андрэй Сняжкоў, начальнік сховішча для агародніны аграпрамысловага прадпрыемства: Бульба захоўваецца па сістэме мікраклімату. Мы яе заклалі на працяглае захоўванне, а камп'ютар устанаўлівае праграму. Аўтаматычна падтрымліваецца тэмпература ў камеры. І бульба можа ляжаць і захоўвацца да наступнага года без праблем.


Сёлета аграрыі цэнтральнага рэгіёну сабралі больш за 130 тысяч тон агародніны. Пабудавана і мадэрнізавана адразу некалькі сховішчаў. Дарэчы, свой ??асабісты стабфонд усё яшчэ можна сфарміраваць. У сталіцы працягваюцца кірмашы па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі. Шырокі выбар, мінімальныя гандлёвыя надбаўкі. Найбліжэйшы аграшопінг - у гэтыя выхадныя.