Мінская вобласць сёлета атрымае небывалыя ўраджаі гародніны і садавіны

8 сентября 2016

Беларускія аграрыі напоўняць рынак не толькі традыцыйнымі культурамі для нашага рэгіёну - бульбай, капустай і морквай, але і перцамі, таматамі і нават баклажанамі з прыстаўкай эка-. Дзе сёння займаюцца экалагічным земляробствам і чаму беларуская бахча ўжо не экзотыка? Рэпартаж Аляксандра Хараўца.

Замест дагледжаных градак зараснік лебяды. Менавіта ў такіх умовах растуць беларускія кавуны і даюць выдатныя ураджаі.

У кавуновым бізнесе Ганна Крапіўка восем гадоў. Сёлета на яе палетках 8 сартоў паласатай ягады, у асноўным нямецкай, галандскай і ўкраінскай селекцый. Аднак запазычаныя сарты не заўсёды добра прыжываюцца ў нашых умовах, гаворыць галоўны аграном. Таму вывела ўласны гібрыд – мухцік. «Кавун бульбаш» у адрозненне ад замежных братоў салатавага колеру і з незвычайным малюнкам.

Затраты на вырошчванне мінімальныя, а рэнтабельнасць бахчавых, па словах фермераў, не менш за 300 працэнтаў. Дарэчы, кошт паласатай ягады не перавышае 30 капеек.

У адрозненне ад імпартных беларускія кавуны выспяваюць прама на полі. Сярэдняя вага бахчавых у нашых умовах дасягае 8-10 кілаграмаў. Аднак ёсць экзэмпляры ў два разы цяжэйшыя.

Навукоўцы сцвярджаюць: за апошнія гады ў нашай краіне з'явілася чацвёртая агракліматычная зона, што дазваляе вырошчваць перцы, памідоры, баклажаны ў адкрытым грунце і пры гэтым атрымліваць не горшы ўраджай за краснадарскі, або херсонскі.

У селекцыянераў свае прапановы і распрацоўкі. Калі 10 гадоў таму былі 2-3 сарты памідораў і выключна для пасадкі ў цяпліцах, то сёння беларускія навукоўцы вывелі больш за 2 дзясяткі гібрыдаў, адаптаваных для вырошчвання ў адкрытым грунце.

Выдатны ураджай садавіны і гародніны ў народзе звязваюць з высакосным годам. Аднак аграбізнесмены гавораць пра новы ўзровень у падыходзе да земляробства. Набыць бульбу, моркву, цыбулю, яблыкі жыхары сталіцы і цэнтральнага рэгіёна змогуць на традыцыйных сельгаскірмашах, якія стартуюць у Мінску 15 верасня.