Мінская вобласць пашырае гандлёва-эканамічныя адносіны з краінамі Афрыкі, а таксама Кітаем. Так, да канца года кіраўніцтва цэнтральнага рэгіёна правядзе перамовы з пасламі 16 дзяржаў, якія ўваходзяць у Супольнасць развіцця Поўдня Афрыкі. Сустрэча адбудзецца ў Маскве. Пры фінансавай жа падтрымцы КНР запланавана будаўніцтва хірургічнага корпуса абласной бальніцы ў Бараўлянах, а таксама найноўшага завода па перапрацоўцы смецця. У сваю чаргу ў кітайскім горадзе Чунцын рэалізуецца маштабны праект "Пасёлак з беларускім каларытам". Ён стане свайго роду нашай "візітоўкай" у Паднябеснай.
Аляксандр Рулькевіч, старшыня Камітэта эканомікі Мінаблвыканкама:
Гэта больш камерцыйны праект. Пражыванне, гасцініцы, рэстараны, выставачныя плошчы. Там кітайскі народ зможа пазнаёміцца з нашай культурай і прадукцыяй. Сёння мы ўвайшлі ў спіс 13 краін, якія могуць пастаўляць у Кітай ялавічыну ў вялікіх аб'ёмах. Таму прасоўванне ёсць, мы сертыфікуем сваю прадукцыю
2021 год афіцыйна праходзіць пад знакам супрацоўніцтва рэгіёнаў Кітая і Беларусі. Усяго ж сярод гандлёва-эканамічных партнёраў Мінскай вобласці 180 краін.













