Мінская вобласць па намалотах сёння першая ў краіне

28 июля 2014
Мінская вобласць па намалотах сёння першая ў краіне, сабрана больш за 820 тысяч тон зерня. І ў сталічным рэгіёне з'явіліся першыя раёны - стотысячнікі. Сімвалічны рубеж перасяклі сёння капыльскія хлебаробы. Да ганаровай лічбы набліжаюцца і случчане. А лепшымі ў Пухавіцкім раёне сталі работнікі гаспадаркі Голацк. Там ужо тры камбайнеры-тысячнікі, набіраць тэмп дазваляе і надвор'е. Надзея Сербіненка вярнулася з палёў Пухавіцкага раёна.

І сапраўды. Калі Мікалай Тарасевіч у камандзе камбайнераў - ўраджай абавязкова будзе выдатным. Амаль усё жыццё ў полі, з дзясятак год за рулём камбайна. Вопыт і бязмежная працавітасць - і Мікалай зноў хлебароб-тысячнік.
Зараз у хлебаробаў - гарачая пара. Зерне чакаць не будзе. Пакуль надвор'е спрыяе - кожная гадзіна на рахунку. Таму штодня пад'ём у чатыры гадзіны. Дахаты - не раней за дзесяць вечара. Такі рэжым не прыпыняецца нават выхаднымі. Але на ўмовы працы скардзіцца камбайнерам не прыходзіцца.
У кабіне камбайна адчуваеш сябе быццам на борце самалёта. Бо бачыш свет і ячнае поле з трохмятровай вышыні. Дарэчы, працаваць у такой кабіне даволі камфортна. Бо заўсёды працуе кандыцыянер, а побач ёсць халодная вада.
Побач з рулём - штурвал. Адказнасць - таксама параўнальная з пілотскай. Дарэчы, сёлета ў гаспадарцы Голацк плануюць сабраць рэкордныя 50 цэнтнераў зерня з гектара. У параўнанні з мінулым годам - на 20 цэнтнераў больш. Зараз убіраюць ячмень.
Потым усё зерне прывозяць на сушыльны комплекс. Тут яго ачышчаюць і даводзяць да пэўнай вільготнасці. Але зараз, у спякотныя дні, зерне дасушваць не трэба. Вільготнамер пацвярджае: працэнт вады ў пшаніцы невялікі.
Своечасовая пасадка, належны догляд за раслінамі і тэхнічнае абслугоўванне сельгастэхнікі далі свае вынікі. Да пятага жніўня пухавіцкія хлебаробы плануюць цалкам завяршыць уборачную збожжавых.