Мінская вобласць і В'етнам зацікаўлены ў пашырэнні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва

9 августа 2017

Так у правінцыі Хынгйен плануецца стварыць сумеснае малакаперапрацоўчае прадпрыемства. Пра гэта сёння заявілі на сустрэчы губернатара цэнтральнага рэгіёна Анатоля Ісачанкі з в'етнамскай дэлегацыяй. Акрамя таго, важныя аспекты кааперацыі - машынабудаванне, аграпрамысловы комплекс, а таксама сацыяльная сфера і ахова здароўя.

Данг Нгок Куінь, пастаянны намеснік старшыні народнага камітэта правінцыі Хынгйен, В'етнам:

«Нам вельмі цікавы ваш вопыт развіцця сельскай гаспадаркі і тэхналогій, якія там прымяняюцца. У гэтай галіне мы хочам супрацоўнічаць. Таксама мы ведаем, што якасць вашай малочнай прадукцыі вельмі высокая».

Вольга Гаўрук, начальнік упраўлення камітэта эканомікі Мінскага аблвыканкама:

"Праект, які мы адпрацоўваем з в'етнамскім інвестарам, гэта прадпрыемства па стварэнні малочных прадуктаў у В'етнаме з беларускага сухога малака. Мы ведаем, што зараз у В'етнаме бурна развіваецца эканоміка, там шмат моладзі, да іх прыйшла культура еўрапейскага харчавання".

І сёння госці з В'етнама азнаёміліся з распрацоўкамі Мінскага аўтазавода. У гэтай азіяцкай краіне ўжо ствараецца сумеснае прадпрыемства «МАЗ-В'етнам». У той жа час працягваюцца пастаўкі гатовай аўтатэхнікі.

Візіт дэлегацыі в'етнамскай правінцыі Хынгйен працягнецца яшчэ два дні. Госці наведаюць мяса- і малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Барысаве і Дзяржынскім раёне.