Мінск прымае беларуска-карэйскі бізнес-форум

21 мая 2018

Еўразійскі эканамічны саюз разлічвае на працягу двух гадоў завяршыць перамовы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з Рэспублікай Карэя. Тым самым Беларусь як удзельнік аб'яднання чакае актывізаваць гандлёвыя сувязі з азіяцкай краінай. Пра гэта сёння заявіў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч перад перамовамі з карэйскімі прадпрымальнікамі. Сёння Мінск прымае беларуска-карэйскі бізнес-форум. Цікавасць гасцей галоўным чынам да паставак беларускай IT-прадукцыі. Карэйскі бізнес высока ацэньвае навуковы патэнцыял нашай краіны. Гэта можа стаць асновай будучых сумесных высокатэхналагічных праектаў.

Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "У нас вялікі патэнцыял. У нас сапраўды ёсць фундаментальныя распрацоўкі, а вось інавацыйнае ўкараненне - укараненне інавацыйных тэхналогій - гэты вельмі перспектыўны важны кірунак. Я думаю, што яшчэ адна вельмі цікавая важная тэма - гэтае беларускае харчаванне, якое можа быць запатрабавана. Самыя сур'ёзныя перспектывы - гэтае інавацыйнае супрацоўніцтва".

Форум аб'яднаў у Мінску прадстаўнікоў 60 кампаній. Чакаецца, што бізнесмены дзвюх краін падцягнуць узаемныя таварныя пастаўкі. Рост тавараабароту ўжо прыкметны. Па выніках першага квартала гэта амаль 40 мільёнаў долараў. Столькі краіны нагандлявалі за ўвесь мінулы год.