Мінск і Пекін пашыраюць супрацоўніцтва

30 июня 2016

Пратакол аб дружбе і ўмацаванні сувязяў сёння падпісалі мінскія прафсаюзы аграпрамысловага комплексу і прафкам пекінскага муніцыпальнага бюро сельскай гаспадаркі Кітая. Мемарандум накіраваны на абмен спецыялістамі абедзвюх краін. Тэхналогія развіцця і арганізацыя рабочага працэсу на прамысловых і камунальна-бытавых прадпрыемствах Мінска цікавяць пекінскіх спецыялістаў. Таму падчас візіту госці наведаюць Беларуськалій, першы гарадскі малочны завод і кандытарскую фабрыку «Слодыч».

Ван Лімін, старшыня прафсаюзаў работнікаў сферы абслугоўвання Пекінскай федэрацыі прафсаюзаў:

«Мы першы раз прыехалі ў Беларусь, Мінск вельмі прыгожы горад. У нас дзве мэты візіту. Па-першае, падпісаць дагавор паміж аграпрамысловымі комплексамі прафсаюзаў абедзвюх краін. Другое - гэта абмеркаваць праекты на перспектыву. Напрыклад, абмен нашымі спецыялістамі ў сферы сельскай гаспадаркі».

Мікалай Беланоўскі, старшыня Мінскага гарадскога аб'яднання арганізацый прафсаюзаў:

"Нам цікава сама эканамічная мадэль Кітая. І ў нас ужо некалькі тысяч працуе грамадзян Кітая ў Беларусі. І мы як прафсаюзы дамаўляемся, што будзем аказваць паслугі работнікам. Ёсць прадпрыемствы па вытворчасці аўтамабіляў, прадпрыемства на "Гарызонце", якое развівае бытавую тэхніку… Важна, каб мы ўлічвалі пажаданні адзін аднаго і каардынавалі гэтую працу".

Зараз паспяхова развіваецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, які прадугледжвае каля 170 тысяч рабочых месцаў, у тым ліку і для кітайскіх спецыялістаў.