Мінск і Ніжагародская вобласць Расіі пашыраюць двухбаковыя адносіны

2 апреля 2015

Расіяне зацікаўлены ў пастаўках беларускай тэхнікі, а таксама развіцці праектаў у сферы сельскай гаспадаркі. Пра гэта сёння заявіў губернатар Ніжагародскай вобласці Валерый Шанцаў. Сімвалічна, што візіт дэлегацыі краіны-суседкі ў Мінск праходзіць у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Аляксей Кандраценка пра развіццё партнёрскіх адносін. 

 

Мінск і Ніжні Ноўгарад - буйныя гарады, якія развіваюцца прыкладна ў аднолькавым фармаце. Актыўнае ўзвядзенне жылля, спорт і турызм, машынабудаванне – сумесных і ўзаемавыгадных інтарэсаў нямала. Адзін з іх - шматфункцыянальная дарожная тэхніка. Зараз у расійскім горадзе на Волзе будаўнічы бум -  узводзяць новыя дарогі. Таму тэхніка патрэбна, прычым якасная. Супрацоўніцтва з холдынгам «Амкадор» не першы год прыносіць свой плён. Цікавасць да беларускіх машын рознага профілю толькі расце. 

Валерый Шанцаў, губернатар Ніжагародскай вобласці Расіі: "Нам трэба яшчэ каля 100 жывёлагадоўчых комплексаў прыводзіць у парадак у адпаведнасці з сучасным узроўнем вытворчасці. І беларуская тэхніка для АПК  для нас з'яўляецца ключавым звёнам. Цікавасць да дарожна-будаўнічай тэхнікі ў нас ёсць заўсёды, мы зараз шмат будуем, з'явіліся дарожныя фонды. Больш стала магчымасцяў".

 

Яшчэ адна сфера, у якой у Мінска і Ніжняга Ноўгарада адметныя дасягненні і перспектывы, - адукацыя і навука. Іх інтэграцыя ў эканоміку прыметная ў сумесных праектах па будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі. Спецыялісты Усерасійскага ядзернага цэнтра выкладаюць беларусам.

Міхаіл Жураўкоў,  Міністр адукацыі Беларусі: "Планы ў нас распісаны на гады наперад. Дзясяткі нашых студэнтаў навучаюцца па праграмах атамнай энергетыкі. Студэнты БНТУ, БДУ выязджаюць на практыку ў Ніжні Ноўгарад. Гэта тычыцца не толькі ўніверсітэтаў, але і некаторых прадпрыемстваў".

 

Тэма адукацыі знайшла працяг у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Тут губернатар Ніжагародскай вобласці Валерый Шанцаў выступіў у ролі лектара. Даклад па інавацыйнай эканоміцы так зацікавіў вучоны савет, што высокага госця з пустымі рукамі не адпусцілі. З гэтага часу губернатар Ніжагародскай вобласці - ганаровы прафесар БНТУ. Дыплом і памятны сувенір замацавалі новы статус.

Заўтра візіт дэлегацыі Ніжагародскай вобласці прадоўжыцца. Расіяне наведаюць новыя прадпрыемствы і арганізацыі сталіцы і Мінскай вобласці.