Мінск і Масква працягваюць перамовы па пытанні якасці расійскай нафтавай сыравіны

25 апреля 2019

Мінск і Масква працягваюць перамовы па пытанні якасці расійскай сыравіны. Праўда, партнёры не па-партнёрску цягнуць з адказамі на ключавыя пытанні. Напрыклад, як збіраюцца вырашаць сітуацыю? Калі па трубах у поўным аб'ёме будзе паступаць чыстая нафта? І галоўнае - як кампенсуюць шкоду беларускім заводам? Прадстаўнікоў расійскай Транснафты чакаюць у Беларусі ўжо заўтра для чарговага раўнда перамоў.

Прамаруджванне ў прыняцці рашэнняў павялічвае і без таго вялізныя страты нафтахімічнай галіны ў Беларусі, Украіне і Еўрасаюзе. Транзіт забруджанага чорнага золата ўжо прыпынілі Польшча і Германія. Прычына таму - асцярога польскіх і нямецкіх НПЗ, што таксічныя арганічныя хларыды, якія ў вялікай колькасці выяўленыя ў нафце, выведуць са строю абсталяванне заводаў. А ў выпадку прарыву сістэмы гэта пагражае яшчэ і экалагічнай катастрофай. Еўрапейскія прадпрыемствы пакуль плануюць выкарыстоўваць існуючыя запасы сыравіны і просяць Беларусь хоць бы часткова закрыць патрэбнасці іх рынку.

У канцэрне "Белнафтахім" паведамілі: наша краіна ў невялікіх колькасцях аднавіла продажы светлых нафтапрадуктаў за мяжу. Так, ва Украіну адправяць 32 тысячы тон дызельнага паліва і каля 10 тысяч тон аўтамабільных бензінаў, у Польшчу - 8 тысяч тон дызелю. 

Унутраны рынак забяспечаны нафтапрадуктамі ў поўнай меры. Створаны неабходны запас, каб не дапусціць збояў у пастаўках паліва. На "Нафтане" напярэдадні пачалася прапампоўка чыстай нафты па іншай ветцы Сургут - Полацк, але аб'ёмы пакуль не дазваляюць прадпрыемству павялічыць магутнасці. Абодва беларускія НПЗ вымушаныя працаваць на палову сваіх магчымасцяў. 

Уладзімір Сізоў, намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім": "Спыненне транзіту ў кірунку Польшчы і Германіі ўскладніла сітуацыю. Зараз уся сістэма нафтаправодаў на тэрыторыі РБ запоўненая нафтай з павышаным утрыманнем арганічных хларыдаў. Зараз мы ацэньваем страты, якія мы панясем у красавіку. На сёння яны складаюць каля $100 млн. у выглядзе недаатрыманых грошай ад рэалізацыі нафтапрадуктаў. Заўтра, 26 красавіка, плануецца правядзенне сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі "Транснафта", каб выпрацаваць аператыўныя меры, атрымаць пэўную інфармацыю аб часе прыходу чыстай нафты і спрагназаваць працу ўсёй нафтатранспартнай і нафтаперапрацоўчай сістэмы".

Нагадаем, небяспечную нафту з утрыманнем арганічных хларыдаў у дзясяткі разоў вышэй за норму беларускія спецыялісты выявілі ў мінулы чацвер. І ўжо на наступны дзень мы вымушаныя былі прыпыніць экспарт нафтапрадуктаў. 20  красавіка прынялі рашэнне знізіць загрузку беларускіх НПЗ. Прымешка, выяўленая ў расійскай нафце, таксічная, яна раз'ядае ўнутраную паверхню магістральных труб, пашкоджвае дарагое абсталяванне. Беларусь па-ранейшаму чакае вычарпальных мер з расійскага боку і настойвае на кампенсацыі шкоды.