Мінск і Масква да канца месяца правядуць перамовы аб стварэнні адзінага рынку газу

14 июня 2017

Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка падчас адкрыцця новага завода холдынга "Амкадор" у Дзяржынску. На наступныя тры гады газавыя рознагалоссі ўрэгуляваныя, удакладніў віцэ-прэм'ер. Партнёры ўзгадняюць агульныя падыходы для адзінага рынку дзвюх краін на тэрмін да 2025 года. На парадку дня толькі газавае пытанне. Усе супярэчнасці вакол паставак нафты знятыя.

Уладзімір Сямашка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Распрацаваныя падыходы, парадак фарміравання і функцыянавання агульнага рынку газу. Да канца месяца, я думаю, мы сустрэнемся з маімі калегамі, будзем абмяркоўваць рашэнні. Па нафце мы ўсё вырашылі. Усё, што трэба краіне да 2025 года, мы ўсё вырашылі. Мы дамовіліся, што гэта будзе 24 мільёны тон нафты за год, а гэта роўна столькі, колькі трэба пад два нашыя заводы - Мазырскі і Наваполацкі НПЗ, пад іх стапрацэнтную загрузку".

Агульная задача - максімальна зблізіць падыходы ў фарміраванні цэн на энерганосьбіты. Гэта забяспечыць роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання Расіі і Беларусі. Пасля адзіную формулу прапануюць і партнёрам па еўразійскай інтэграцыі: Казахстану, Арменіі і Кыргызстану.