Мінск рыхтуецца прыняць Генеральную асамблею Міжнароднай электратэхнічнай камісіі

1 апреля 2015

Форум пройдзе ў кастрычніку. Генасамблея МЭК - гэта вышэйшы орган у рэгуляванні сусветнага рынку электрычнай энергіі. На пасяджэнні ў Мінску міжнародныя эксперты будуць гаварыць аб пашырэнні рынкаў збыту і разумным выкарыстанні энергіі для павышэння якасці жыцця. Такія статусныя мерапрыемствы служаць эфектыўнай пляцоўкай для абмену ідэямі, вопытам, тэхналогіямі, стварэння сумесных праграм, кансультацый і перамоў па рэалізацыі інвестпраектаў. Праграму мерапрыемстваў абмяркоўваюць у гэтыя дні на сустрэчах з кіраўніком падраздзялення па міжнародных камунікацыях і маркетынгу міжнароднай камісіі Габрыэлай Эрліх. У беларускай сталіцы эксперт правяла шэраг сустрэч, дзе вялікая ўвага надавалася маркетынгавай дзейнасці.

Габрыэла Эрліх, кіраўнік падраздзялення МЭК: "Энергаэфектыўнасць актуальная не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету, і апошнія тэхналагічныя распрацоўкі ў гэтай галіне дазваляюць ужо на дадзеным этапе эканоміць 30% электраэнергіі, што з'яўляецца вельмі важным для любой краіны. Таксама на форуме мы будзе гаварыць аб стандартах якасці і допуску электратэхнічнай прадукцыі на сусветныя рынкі, пашырэнні прысутнасці там беларускіх тавараў".

Мінск упершыню выступае арганізатарам найбуйнейшага сусветнага бізнес-форуму ў галіне электрычных, электронных і сумежных тэхналогій. У МЭК уваходзяць 164 краіны, у тым ліку Беларусь. Генеральныя асамблеі, як правіла, праводзяцца ў краінах з развітой высокатэхналагічнай прамысловасцю, а таксама ў перспектыўных рэгіёнах.