Мінск гатовы прымерыць на сябе статус сусветнага фінансавага цэнтра

2 октября 2015

Прынамсі, архітэктурным абліччам. У сталіцы стартаваў найбуйнейшы ў Еўропе будаўнічы праект. Вялізны жылы раён з сацыяльнай інфраструктурай, гандлёва-забаўны комплекс і міжнародны фінансавы цэнтр. Амбіцыйныя планы ацаніла Вераніка Бута.

У сталіцы стартаваў найбуйнейшы ў Еўропе будаўнічы праект. Кампанія "Дана Астра", што ўваходзіць у групу "Дана Холдынгс", заклала першы камень новага гарадскога раёна. Планы ў забудоўшчыка больш чым грандыёзныя: узвесці комплекс "Мінск-Свет" да 2027 года і зрабіць нашу сталіцу сусветным фінансавым цэнтрам.

У найбліжэйшай перспектыве тут, на месцы былога аэрапорта Мінск-1, з'явяцца не толькі тысячы квадратных метраў жылой плошчы і сацыяльнай інфраструктуры, але і найбуйнейшы ў рэгіёне гандлёва-забаўны комплекс, а таксама міжнародны фінансавы цэнтр.

Участак знаходзіцца ў межах вуліц Аэрадромнай, Кіжаватава, Брылеўскай і трэцяга гарадскога кальца. Калі задумка забудоўшчыка ажыццявіцца, гэта будзе вялізны раён плошчай амаль 2 млн квадратных метраў жылля, з якіх частка - гэта сядзібы. Яны стануць часовым домам для работнікаў фінансавага цэнтра.

Гэры Бэроўз, кіраўнік кіравання нерухомасцю і актывамі групы "Дана Холдынгс":

"Будаўніцтва міжнароднага фінансавага цэнтра дазволіць вывесці Мінск у лік найбольш прывабных для замежных інвестыцый гарадоў кантынента. Ён стане аб'ектам прыцягнення міжнародных кампаній і пастаўшчыкоў фінансавых паслуг, будзе спрыяць стварэнню дзясяткаў тысяч новых рабочых месцаў, развіццю эканомікі ўсёй краіны".

"Мінск-Свет" зможа канкурыраваць з фінансавымі цэнтрамі ў Дубаі, Лондане, Нью-Ёрку і Сінгапуры, упэўнены забудоўшчык.

Гэры Бэроўз, кіраўнік кіравання нерухомасцю і актывамі групы "Дана Холдынгс":

"Зараз Мінск прыцягвае 100 тысяч турыстаў за год з-за межаў СНД. Параўнаем з Дубаем, дзе 11 мільёнаў, у Лондане 16, а ў Парыжы 83 мільёны турыстаў. Мы ўпускаем добрую магчымасць падтрымаць нашу эканоміку, якая развіваецца. У нас ёсць патэнцыял, каб скласці канкурэнцыю Дубаю".

Група "Дана Холдынгс" ужо добра вядомая беларусам. Кампанія ўзводзіць у сталіцы шматфункцыянальны комплекс "Маяк Мінска" плошчай каля 1 млн квадратных метраў. Будаўніцтва плануецца завяршыць да 2017 года, яго гатоўнасць ужо перавысіла 50%. Найбуйнейшы ў Еўропе міжнародны фінансавы цэнтр "Мінск-Свет" будзе самым маштабным для забудоўшчыка праектам у Беларусі.