Міністр эканомікі: Патрэба ў фінансаванні інфраструктуры ў Беларусі да 2025 года складае 12 мільярдаў рублёў

12 сентября 2018

Беларусь робіць стаўку на павышэнне дабрабыту людзей, а дзяржаўна-прыватнае партнёрства разглядае як найважнейшы механізм інвестыцыйнай палітыкі, паколькі гэта добрая аснова развіцця інфраструктурных праектаў. На іх да 2025 года неабходна не менш за 12 мільярдаў рублёў. Пра гэта заявіў сёння Міністр эканомікі Дзмітрый Крутой на міжнароднай канферэнцыі аб ролі такіх праектаў у дасягненні Мэт устойлівага развіцця і павышэння дабрабыту людзей. Стаўка ў наступным годзе робіцца на транспарт і сферу паслуг. 

Дзмітрый Крутой, Міністр эканомікі Беларусі: "Пілотны наш праект - дарога М10, 85 км з прыцягненнем прыватных партнёраў - зараз у высокай стадыі нарматыўнай гатоўнасці. Мы спадзяемся, што ў найбліжэйшы час выйдзе ўказ, які вызначыць усе ўмовы выбару партнёра і правядзення адпаведных конкурсаў".

Джэфры Гамільтан, кіраўнік секцыі аддзела эканамічнага супрацоўніцтва і гандлю ЕЭК ААН: "Галоўнае - людзі. У гэтым прынцып дзяржаўна-прыватнага партнёрства, які прапаведуе ЕЭК ААН і які з'яўляецца нашым рэцэптам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Дзелавыя людзі сёння зацікаўленыя ў сваёй добрай рэпутацыі. Яны гатовыя ўдзельнічаць у будаўніцтве бальніц, школ, дарог. Каля 100 краін свету зараз выкарыстоўваюць механізм сінергіі бюджэтнага фінансавання з прыватным капіталам".

Праекты па дзяржаўна-прыватным партнёрстве падтрымліваюцца і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Пра гэта заявілі сёння на сустрэчы віцэ-прэм'ера Уладзіміра Кухарава з прадстаўнікамі гэтай фінансавай структуры. Беларусь разлічвае на фінансавую падтрымку банка пры рэканструкцыі аварыйных мастоў і яго ўваходжанне да канца года ў склад акцыянераў Белінвестбанка.