Мінэканомікі акрэсліла прыярытэтныя кірункі працы на найбліжэйшы год

18 февраля 2016

Занятасць, экспарт і інвестыцыі: Мінэканомікі сёння на выніковай калегіі акрэсліла прыярытэтныя кірункі працы на найбліжэйшы год. На пасяджэнні прысутнічаў Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Асаблівая ўвага - развіццю інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Кітаем. Гаворка ішла і аб пашырэнні ўзаемадзеяння з буйнымі міжнароднымі гульцамі фінансавага рынку - Сусветным банкам, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, а таксама Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Заяўлена і аб вырашэнні важных унутраных задач: аптымізацыі структуры і функцый дзяржорганаў.

Уладзімір Зіноўскі, Міністр эканомікі Беларусі: "Ва ўрадзе каля 30 міністэрстваў, камітэтаў, 5 канцэрнаў плюс яшчэ Камітэт дзяржкантролю, Нацыянальны банк, Акадэмія навук, Адміністрацыя Прэзідэнта, суды, пракуратура... Калі мы вырашаем праблему ўзгаднення таго або іншага дакумента, уяўляеце, што гэтыя дакументы ідуць па крузе і даводзіцца не тое што месяцы, іншы раз і да года ўзгадняць шэраг такіх дакументаў. А трэба прымаць рашэнне неадкладна. Прычым якасць адказаў і заўваг у 90 % выпадкаў зводзіцца да лабіравання вузкаведамасных інтарэсаў".

Акрамя таго, сёння анансавана і трансфармацыя структуры Мінэканомікі, а таксама аптымізацыя функцый ведамства. Кіраўніцтва разлічвае, што гэта паспрыяе ўдасканаленню яго працы і скарачэнню дакументаабароту.