Міхаіл Мясніковіч наведаў Гомельскую вобласць

16 марта 2016

Стварэнне новых працоўных месцаў і выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі - заклад паспяховага сельгаспрадпрыемства. Такое меркаванне сёння выказаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч падчас візіту ў Гомельскую вобласць. Як зрабіць працу прадпрыемства эфектыўнай - абмяркоўвалі на прыкладзе некалькіх гаспадарак як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці. Акрамя таго, на прадпрыемстве "Андрэеўка" ішла размова аб вытворчасці малака гатунку экстра, а на аб'яднанні "Вахавяк Плюс" Міхаілу Мясніковічу распавялі аб інавацыях у мясаперапрацоўчай галіне.

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: "Тут ёсць вельмі добрыя напрацоўкі, якія можна запазычыць і рэкамендаваць для ўсіх рэгіёнаў нашай краіны. І вось наведванне аб'ектаў і заслухванне інфармацыі ад сельсаветаў гаворыць аб тым, што на Гомельшчыне здзяйсняецца мэтанакіраваная праца".

Таксама на сустрэчы абмеркавалі працу органаў мясцовага кіравання, пытанні паляпшэння прадпрымальніцкага асяроддзя і прыцягнення інвестыцый.