МЗС: Беларусь задаволеная станам супрацоўніцтва з Кітаем

12 января 2018

Беларусь задаволеная станам супрацоўніцтва з Кітаем - пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву "Сіньхуа". Паднябесная з'яўляецца для Беларусі важным стратэгічным партнёрам. За 25 гадоў узаемадзеяння бакі дасягнулі цеснага супрацоўніцтва ў розных сферах і галінах. Самым маштабным сумесным праектам з'яўляецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень".

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мы хочам зрабіць парк вузлавой платформай эканамічнага пояса Шаўковага шляху, дзе развіваўся б не толькі лагістычны складальнік, але развіваліся б, як я ўжо сказаў, розныя інавацыйныя і арыентаваныя ў будучыню вытворчасці. Гэта было б на карысць і Беларусі, таму што ўмацоўвала б яе гандлёва-эканамічны патэнцыял, і гэта было б на карысць у цэлым усёй ініцыятыве эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Я думаю, што ў гэтага парку ёсць вельмі добрыя перспектывы, і сённяшнія пэўныя дасягненні пацвярджаюць гэта".

Міністр падкрэсліў важнасць наяўнасці нармальных адносін з усімі глабальнымі гульцамі і ў рэгіёне і ва ўсім свеце, адзначыўшы пры гэтым значнасць Расіі і Еўрасаюза для Беларусі ва ўсіх адносінах - палітычных, гандлёва-эканамічных і гуманітарных.