Міжнародны форум Tibo-2016 адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў

19 апреля 2016

На справе ацаніць увесь спектр магчымасцяў гэтай сферы, а таксама выпрабаваць навінкі IT-тэхналогій, напрыклад, шлемы віртуальнай рэальнасці або апошнія распрацоўкі ў робататэхніцы - усё гэта даступна на найбуйнейшым форуме сярод краін СНД Tibo. Ён сёння адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. У самай блізкай будучыні ў Беларусь прыйдзе хуткасць 4,5G, і паслугі сувязі будуць даступныя на любых хуткасцях. І гэта яшчэ не ўсе заявы, якія прагучалі ў Футбольным манежы. Як пабудаваць "разумны дом" і пасадзіць віртуальнае дрэва - сучасны перформанс убачыў Дзмітрый Цітоў.

IT-выставы ў хуткім часе перавандруюць у віртуальныя павільёны. Патрапіць на падзею ў Гановер, Барселону або Мінск можна будзе з дома з дапамогай шлема віртуальнай рэальнасці. Пабываць у горадзе будучыні можна і на стэндзе Белтэлекама. Тут прапаноўваюць запампаваць файл сілай думкі.

Зараз усталёўваюць спецыяльны гаджэт, які счытвае мазгавую актыўнасць. І з якой хуткасцю і канцэнтрацыяй працуе мой мозг, паказваецца на экране. Трэба лічыць. Памнажаць. Спецыяльна пра штосьці думаць. Я перамог. У мяне 64 мегабіты за секунду. Вядома, для цяперашняга Інтэрнэту не так ужо і шмат. Але затое мы атрымалі прыемны падарунак.

На сваім палігоне беларуская кампанія BeCloud разагнала хуткасць Інтэрнэту да 800 мегабіт за секунду - так працуе сетка 4,5G, якая ідзе пасля LTE. Гэта найбліжэйшая перспектыва для Беларусі. Пад новыя тэхналогіі спецыяльна распрацавалі сэрвіс відэа- і радыёсувязі для мабільных прыстасаванняў. Ён дапаможа ў працы ратавальнікам, урачам і звычайным карыстальнікам.

Сяргей Паблагуеў, генеральны дырэктар СААТ "Беларускія воблачныя тэхналогіі": "Не заўсёды рамонтнік валодае нейкімі супермегаведамі па ўсім спектры праблем, з якімі яму прыходзіцца сутыкацца, калі ён чыніць абсталяванне. У полі ён знаходзіцца. Ён навёў і ў рэжыме анлайн атрымаў кансультацыю ад эксперта, які знаходзіцца ў цэнтры".

Нашы кампаніі, сапраўды, не разгубіліся сярод IT-гігантаў і робяць адважныя крокі ў кірунку сучаснага горада. Паслугі сувязі ў Беларусі пасля 2020 года будуць падавацца на любых хуткасцях, упэўненыя эксперты

Дзмітрый Шадко, першы намміністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі: "Усе гэтыя праблемы сталі значна больш комплекснымі і патрабуюць падыходу з усіх бакоў. І ўцягвання спецыялістаў з усіх сфер. Сёння не проста праграміст дыктуе парадак дня эканамісту. Яны працуюць разам, для таго каб разам дасягнуць больш выніку".

Датчыкі руху, "разумныя разеткі" і нават лічыльнікі вады зараз можа кантраляваць уладальнік кватэры са смартфона. Вось такія адаптары ўжо ёсць на IT-рынку.

Сяргей Туромша, намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП "Белтэлекам": "Паставілі такую прыладу сабе на дачу, калі ў вас у загарадным доме ёсць Інтэрнэт. Паставілі датчык адчыняння дзвярэй, паставілі трывожную сірэну, і ніякіх праблем з выяўленнем няпрошаных гасцей, калі на зімовы перыяд надоўга з'язджаеце, няма".

Самы вялікі стэнд, які налічвае больш як дзесяць дзяржустаноў, у Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. У планах сумесныя праекты з "Майкрасофт" у сферы электроннага ўрада.

Пераход на сістэму беспапяровага гандлю. Намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін прызнаўся, што амаль цалкам перайшоў на працу ў электронным кабінеце.

Яшчэ адзін прыклад электроннага ладу жыцця - лічбавы подпіс на SIM-карце - прадэманстравала кампанія "Велком". Тэхналогія дазваляе пры дапамозе смартфона працаваць з дакументамі з любога пункту планеты. Tibo - гэта яшчэ і банкаўскія тэхналогіі. Комплексныя рашэнні для малога бізнесу ў выглядзе мабільнай касы дазваляюць прымаць аплату па картках з дапамогай спецыяльнага картрыдара. Паводле ацэнак спецыялістаў, колькасць мабільных гаджэтаў да 2020 года ўзрасце амаль у 10 разоў, але гэта ніяк не адаб'ецца на развіцці тэлебачання. Яго ўсё больш уключаюць на смартфонах, таму сотавыя аператары імкнуцца адаптаваць свае пакеты і пад цэлевую аўдыторыю тэлебачання.