Міжнародны форум "Белагра" стартаваў у Мінску

3 июня 2015

Аграгарадок у горадзе і тры тысячы гасцей за першы дзень выставы. Міжнародны форум "Белагра" стартаваў у Мінску. На вялікай пляцоўцы - навінкі сельгастэхнікі і апошнія дасягненні ў галіне жывёлагадоўлі. Падрабязней - Дзмітрый Цітоў.

Не больш за шэсць гадоў з дня вытворчасці. Менавіта такі стаж зараз у беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, якая працуе на палях краіны. Найбуйнейшы аграрны форум прапанаваў навінкі, якія спадабаліся нават нямецкім вытворцам. Яны сваімі вачамі сачылі за эвалюцыяй нашых камбайнаў і трактароў яшчэ з пачатку 90-ых.

Адразу пасля адкрыцця выставы "Белагра" міністр сельскай гаспадаркі Грузіі тэт-а-тэт пагутарыў з дырэктарам "Гомсельмаша". Новая серыя камбайнаў: першы - падобна малалітражнаму аўтамабілю гатовы дапамагчы краінам з нізкай ураджайнасцю; другі - павінен стаць рэкардсменам у збожжаўборачнай кампаніі - не саступае сусветным лідарам.

Звыш дваццаці кампаній з усяго свету, некаторыя з іх спецыяльна транспартавалі сваю хатнюю жывёлу, каб параўнаць з беларускім пагалоўем. Па выніках аграпрамысловага комплексу за студзень-красавік гэтага года краіна вырабіла на 30 тон мяса і 150 тысяч літраў малака больш чым у 2014-ым.

Леанід Заяц, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Ужо выраслі аб'ёмы пастаўкі на рынкі трэціх краін на 7% за гэты кароткі час. Мы шукаем больш глабальныя рынкі. Такім з'яўляецца Кітай. Па выніках сертыфікацыі за сакавік месяц 15-ці прадпрыемствам далі магчымасць пастаўляць сваю прадукцыю".

Хлеб-соль на адкрыцці маштабнага аграфоруму, як сімвал новых перамог. Летась беларускія аграрыі пайшлі на рэкорд і сабралі 38 цэнтнераў збожжа з гектара. Гэта сярэдні паказчык па краіне. Таксама ўпершыню намалацілі звыш дзесяці мільёнаў тон. Дапамагла і новая тэхніка. На гэты год планы не менш амбіцыйныя.

Калі 20 гадоў назад беларуская прамысловасць вырабляла сельскагаспадарчай прадукцыі 16% на ўнутраны рынак, то за апошнія 7 гадоў яе вырабілі на 22 млрд долараў і дзве траціны ідуць на экспарт.

Праца айчыннага АПК на найбліжэйшую пяцігодку будзе эфектыўнай, упэўненыя аграрыі. Гарантавана харчовая бяспека краіны. Значныя аб'ёмы нашай прадукцыі ўжо чакаюць за мяжой. А прасоўванне на рынак ЕС - справа часу.

Уладзімір Сямашка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Па мінулых гадах 5,6 млрд долараў мы паставілі гэтых прадуктаў. Стаіць задача ў найбліжэйшыя два тры гады ўвайсці на 8 млрд долараў. Такую задачу паставіў Прэзідэнт перад нашай краінай".

Гэта, сапраўды, аграгарадок у горадзе. 60 тысяч наведвальнікаў за мінулы год. Сёлета - 3 тысячы гасцей толькі за першы дзень. Мяркуючы па колькасці акрэдытацый, шматлікія прадстаўнікі замежных кампаній павінны прыляцець на днях. Выстава прадоўжыцца да 6 чэрвеня.