Міжнароднае супрацоўніцтва са знакам якасці

12 июня 2014

20-годдзе з дня заснавання святкуе Нямецка-Беларускі эканамічны клуб. Створанае ў 1994 годзе, аб'яднанне і сёння спрыяе дыялогу і развіццю эканамічных адносін паміж нямецкімі кампаніямі і беларускімі арганізацыямі, міністэрствамі і ведамствамі. Пры гэтым асноўны акцэнт робіцца на паляпшэнні рамачных умоў гаспадарчай дзейнасці прыватнага бізнесу, а таксама дзелавога і інвестыцыйнага клімату ў нашай краіне. На сённяшні дзень у Беларусі працуюць 360 нямецкіх прадпрыемстваў, а таксама каля 100 прадстаўніцтваў розных фірм, якія прадстаўляюць разнастайныя сектары эканомікі.


Клаус Баер, старшыня праўлення Нямецка-Беларускага эканамічнага клуба: Нямецкія прадпрыемствы прадстаўлены ва ўсіх галінах, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, інфармацыйных тэхналогій, прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў, хімічнай галіны, дакладнай механікі, оптыкі. Зараз у нашым клубе каля 80 фірм, агульны аб'ём інвестыцый фірм, прадстаўленых у нашым эканамічным клубе, склаў каля 800 мільёнаў еўра. Прадпрыемствы гэтыя стварылі ў Беларусі каля 8 тысяч рабочых месцаў.


Паводле слоў нямецкіх бізнесменаў, беларуская эканоміка гатовая да далейшай мадэрнізацыі. Вялікая ўвага зараз надаецца такім пытанням, як альтэрнатыўныя і аднаўляльныя крыніцы энергіі, павышэнне энергаэфектыўнасці, перапрацоўка другаснай сыравіны. Менавіта ў гэтых галінах заключаецца значны і дастаткова прывабны патэнцыял для актывізацыі беларуска-нямецкай кааперацыі.