Менш як 2 тыдні застаецца да фінішу ўборачнай кампаніі

9 августа 2017

Да 20 жніўня ўсе асноўныя працы ў полі павінны быць завершаныя. На ўліку кожнае зярнятка. Курс быў зададзены Прэзідэнтам на мінулым тыдні. Час - для паскарэння. Усе ўмовы для гэтага створаныя, і нават надвор'е - як па заказе. У поўным аб'ёме гаспадаркі будуць забяспечаныя і палівам, гэтае пытанне на кантролі ўрада. Зрэшты, каб жніво атрымалася, важная кожная дэталь - ад гатоўнасці тэхнікі да адказнага і па-гаспадарску беражлівага стаўлення да ўраджаю. Тут чалавечы фактар іграе адмысловую ролю. Ад дакладнасці і зладжанасці прац залежыць дабрабыт краіны, а значыць - і кожнага з нас. Да таго ж, цяперашні аграсезон ужо атрымлівае сусветны рэзананс - мука да спадобы прыйшлася ў Сінгапуры і Аўстраліі. Усяго ж экспартуецца яна ў 17 краін свету. Але каля 70% застаецца на ўнутраным рынку. Так што, на шляху да адзінай мэты мабілізуем усе рэсурсы, у тым ліку і інфармацыйныя. Нашы карэспандэнты актыўна сочаць за сітуацыяй на палях. Апошнія навіны ў Аляксея Марцінёнка.

Якім будзе новы ўраджай? Адказ на гэтае пытанне залежыць ад вялізнай колькасці складальнікаў. У першую чаргу, вядома, ад надвор'я. Але ў сучасным свеце ківаць на капрызы прыроды ўжо стала правілам благога тону. Куды важней - якасная тэхніка ў палях, добры запас паліва, спраўныя зернесушыльныя комплексы, поўны камплект грузавога транспарту. І злучным звяном тут выступае менавіта чалавек. Кадры вырашаюць усё: збітая ісціна, але ў ёй і крыецца сапраўдны сэнс бітвы за ўраджай. Для таго каб сабраць каравай-2017, у Беларусі патрабуецца 43 тысячы чалавек. На момант пачатку ўборачнай дэфіцыт кадраў практычна па ўсіх пазіцыях. Кожнае сёмае месца камбайнера апынулася вакантным. З механізатарамі яшчэ больш складана.

На селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай адным з першых гэтую праблему агучыў кіраўнік Гродзенскага рэгіёна. Роўна праз тыдзень ці атрымалася вырашыць пытанне?

Уладзімір Краўцоў, як і ўсе губернатары, у гэтыя дні выступае ў ролі гэтакага "палявога генерала". Можна сказаць, кіруе ўборкай у ручным рэжыме. За праблему недахопу працоўных рук узяўся ў першую чаргу. Тым больш што паказчыкі ў рэгіёне нядрэнныя.

У гэтым СВК Гродзенскага раёна сёлета рэкордны ўраджай. Сёння тут збіраюць па 55 цэнтнераў з гектара. А гэта на 10 цэнтнераў больш за леташнія намалоты. Праўда, вялізны вал збожжа і зрушэнне ўборачнай кампаніі на два тыдні сталі для гаспадаркі нечаканай праблемай. Паралельна са жнівом пачалася падрыхтоўка глеб пад сяўбу азімага рапсу. З тэхнікай праблем не ўзнікла, а вось кваліфікаваных механізатараў не хапіла. Як раз да мехдвара прыйшліся спецыялісты з абласнога цэнтра.

Фёдар Добыш - адзін з квартэта "гарадскіх" памочнікаў. У Гродне ў мясцовым Зелянбудзе ўжо некалькі гадоў за рулём трактара. Сам родам з вёскі, у маладосці працаваў на камбайне. Навыкі ёсць, вось і на прапанову папрацаваць у поли адгукнуўся адразу.

У кожным раёне ёсць некалькі праблемных гаспадарак. Па гэтых адрасах мэтавая дапамога пайшла ў першую чаргу. Любыя пытанні зараз імкнуцца вырашыць максімальна аператыўна. У палях усе - ад радавых аграрыяў да кіраўнікоў самага высокага рангу.

Яшчэ тыдзень таму кантралюючыя органы фіксавалі парушэнні ў кожным трэцім з правераных СВК краіны. Дзе кіраўнікі, як студэнты, вырашылі падрыхтавацца да экзамена ў апошнюю ноч. Такую глабальную ацэнку ўборачнай кампаніі сёння ў Гомельскім рэгіёне даў прэм'ер-міністр. Праца над памылкамі зробленая: камбайны праблемных гаспадарак ужо ў палях. Вырашылася пытанне і з палівам.

Забяспечыць тыднёвы запас гаручага ў кожнай вобласці - даручэнне Прэзідэнта, якое таксама гучала на селектарнай нарадзе. Але галоўнае, каб было што заправіць. Ёсць у гаспадарках і састарэлая тэхніка. Але проста так фінансавыя авансы на закуп раздаваць ніхто не будзе, бо пры жаданні на новы камбайн можна і самім зарабіць. У гаспадарцы Кухчыцы Клецкага раёна дзве машыны ўжо набліжаюцца да паўналецця. Але гэта па чалавечых мерках. Па тэхнічных - пара здаваць у тыраж. Да наступнай уборачнай тут плануюць замяніць састарэлыя камбайны.

Тым часам праца не спыняецца ні на хвіліну. На досвітку экіпаж Мікалая Сіцько ў полі. Гэта ўжо яго 15-я ўборачная кампанія. Дасведчаны камбайнер заўсёды ў ліку першых пераадольвае 1000-ы рубеж па намалоце. У разгары жніва і прыемны бонус - некалькі хвілін на віншаванне ад кіраўніцтва гаспадаркі і прафсаюзаў. І зноў за руль: да вечара неабходна дадаць да сабранага ўраджаю яшчэ як мінімум 150 тон.

У Беларусі ў гэтыя дні практычна ўсё не гарадское насельніцтва так або інакш звязана з працай у полі. На перыферыі амаль у кожнай сям'і ёсць чалавек, які прыклаў руку і да цяперашняга ўраджаю. А найлепшых ужо ведае ўся краіна. Так і павінна быць. Бо вынік іх працы - на стале ва ўсіх беларусаў, нават тых, хто зараз назірае за ўборачнай з экранаў тэлевізараў і, напэўна, не забыў за вячэрай пра кавалачак хлеба.