Меліяратары ў Светлагорску ўзяліся за развядзенне рыбы

25 июня 2013

Мясцовыя меліяратары ўзяліся за развядзенне рыбы. Ды не якой-небудзь, а афрыканскага сома. У выніку - жыхары вобласці атрымаюць магчымасць паласавацца замежным далікатэсам па айчыннай цане. А самі меліяратары - нядрэнна зарабіць.


І хоць будаўніцтва комплекса яшчэ толкам не пачалося, наш карэспандэнт Віталь Краснабаеў, будучы заядлым рыбаком, з'ездзіў на будучую ферму і нават патрымаў у руках сапраўднага афрыканскага сома.


Яго і аднаго ўтрымаць няпроста, а мясцовыя меліяратары замахнуліся на цэлую ферму самоў. На 500 тон рыбы за год.


Афрыканскі сом - рыба ўнікальная. Вось такі экзэмпляр можа некалькі дзён абыходзіцца без вады. І, нават, калі патрэбна, пройдзе, інакш не скажаш, да трох кіламетраў па сушы.


Яшчэ рыба можа высока скакаць, але не гэтыя акрабатычныя эцюды вымушаюць яе разводзіць. Афрыканскі сом расце як на дражджах. За 200 дзён з малька ў пяць грамаў вырастае двухкілаграмовая рыбіна. І мяса яе лічыцца элітным. Нездарма рыбу яшчэ называюць мармуровым сомам. А на адным кубічным метры вады можна атрымаць 500 кілаграмаў такой рыбы. Таму у свеце праекты сомавых ферм высокарэнтабельныя і хутка акупляюцца.


Вось гэты пустуючы цэх праз год стане вялізным акварыумам. Тут і будзе праходзіць увесь цыкл вырошчвання. Звычайныя сажалкі для афрыканскага сома не прыгодныя. Тэмпература вады павінна быць вышэй за 26 градусаў. Інакш - выніку не будзе. Дарэчы, светлагорскі праект сомавай фермы інтэрнацыянальны. Тэхналогія - ізраільская, пляцоўка - беларуская, а канчатковы прадукт - афрыканскі. Засталося толькі вызначыцца, як будуць награваць ваду - і праект можна запускаць у справу.


Абслугоўваць увесь корпус будуць усяго 10 чалавек. А першую рыбу тут мяркуюць запускаць ужо напрыканцы наступнага года.