Майская спякота пашкодзіла амаль 40 тысяч гектараў збожжавых культур

19 июня 2018

Аграрыі Мінскай вобласці экстранна перасяваюць палеткі са збожжавымі, што пацярпелі ад засухі. Майская спякота пашкодзіла амаль 40 тысяч гектараў культур. Найбольшы стрэс адчулі землі Старадарожскага, Любанскага, Слуцкага, Валожынскага, Бярэзінскага раёнаў.

Зрэшты, спецыялісты запэўніваюць: нягледзячы на страты, ураджай будзе. У выглядзе зернесенажу.

Усе агракліматычныя падрабязнасці ў Аляксея Кандраценкі. Дэфіцыт ападкаў і павышаны тэмпературны рэжым. Сіноптыкі ўжо вынеслі свой вердыкт: май 2018-га самы гарачы за ўсю гісторыю метэаназіранняў. І мяркуючы па колеры гэтага поля, такі рэкорд далёка не на карысць аграрыям.

Вось так адной сельгаскультуры, не чакаючы поўнай спеласці, прыйшлося экстранна саступіць месца іншай.

Усяго ж па такім прынцыпе сельгасарганізацыі Мінскай вобласці перасеюць збожжавыя на плошчы каля 20 тысяч гектараў.

Сярод усіх раёнаў Бярэзінскі пацярпеў ад спякоты ледзь не больш за астатнія. За май тут выпала ападкаў усяго 15 % ад нормы. Збожжавыя, якія падгарэлі, і травы ўжо не дадуць 100-працэнтнага выніку. Таму тактыка аграрыяў - атрымаць не збожжа, а зернесенаж. Ад яго таксама будзе карысць для малочна-таварных ферм.

Трактары, плугі і сеялкі - гэтымі днямі нярэдкая карціна на палях Мінскай вобласці. Наперадзе яшчэ і сяўба азімых культур. Глыток аптымізму дае і надвор'е: ад невялікіх дажджоў сельскія пейзажы прыкметна пазелянелі.