Маштабны беларуска-кітайскі праект "Вялікі камень" адзначае важную дату

11 мая 2018

Рэнамэ стратэгічных партнёраў пацвярджаюць Беларусь і Кітай. Самы знакавы і маштабны сумесны праект "Вялікі камень" сёння адзначае важную дату - дзень Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Роўна 3 гады таму пляцоўку пад Мінскам асабіста наведалі кіраўнікі дзвюх краін - Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін. Гэта стала новым этапам у працы эканамічнай зоны з беспрэцэдэнтнымі ўмовамі для вядзення бізнесу. Чакаецца, што прыбытак парка зможа падвоіць памер беларускай эканомікі. Сёння "Вялікі камень" - гэта 34 кампаніі-рэзідэнты. У будучыні - гэта інавацыйны горад з самымі сучаснымі вытворчасцямі. Важны для дзвюх краін дзень адзначыўся і адкрыццём пад Смалявічамі сумеснага праектнага інстытута Беларусі і Кітая. З урачыстай цырымоніі - рэпартаж Вікторыі Антоненкавай.

Флагман праектнай справы - такую характарыстыку павінен набыць новы Кітайска-беларускі праектны інстытут, які адкрыўся сёння на базе індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Установа аб'яднала 85-гадовую гісторыю і вопыт Белдзяржпраекта з кітайскай інвестыцыйнай кампаніяй і яе лічбавымі тэхналогіямі. Праца інстытута дазволіць практычна ўдвая скарачаць час на падрыхтоўку праектнай дакументацыі для аб'ектаў парка і зробіць будаўнічыя працы таннейшымі і нашмат больш якаснымі.

Сяргей Грыгор'еў, дырэктар інстытута "Белдзяржпраект":

"Кітайская будаўнічая галіна з'яўляецца перадавой у свеце. І чаму было прынята рашэнне такое непасрэднага ўзаемадзеяння з кітайскімі партнёрамі, таму што тут мы бачым якасны ўзровень працы і ў праектаванні, і ў будаўніцтве".

Першыя адчувальныя вынікі чакаюць ужо праз некалькі гадоў. Інстытут будзе працаваць па ўсёй краіне, плануецца выхад на рынкі ЕАЭС і Еўропы, аднак асноўны акцэнт - на праекты "Вялікага каменя".

Індустрыяльны парк сёння гэта:

- больш за 8 тысяч гектараў агульнай плошчы,

- 34 зарэгістраваныя рэзідэнты з 8 краін,

- больш як 120 тысяч супрацоўнікаў.

Сярод прыярытэтных кірункаў працы:

- электроніка,

- біямедыцына,

- машынабудаванне,

- новыя матэрыялы,

- лагістыка.

Эканамічная зона пашыраецца штогод. У 2018-м ужо зарэгістравана 11 новых рэзідэнтаў. Сёння прайшла цырымонія адкрыцця іх імянных таблічак і ўзнагароджанне першай групы прадпрыемстваў, уведзеных у эксплуатацыю. У наступным годзе чакаецца прыход яшчэ 20-25 кампаній.

На крэдытна-інвестыцыйнай карце кітайскай карпарацыі Беларусь - прыярытэтны рэгіён. На долю кітайскіх партнёраў прыпадае кожны другі долар, прыцягнуты ўрадам Беларусі. Сёння рэалізуецца 27 буйных інфраструктурных і інвестыцыйных праектаў у галіне транспарту, энергетыкі і прамысловасці. Доля Паднябеснай у агульным аб'ёме інвестыцый у Беларусь летась падабралася да 3% і павялічылася ў параўнанні з 2013 годам больш чым у 2 з паловай разы.

Таццяна Харлап, саветнік пасольства Беларусі ў Кітаі:

"Вядома, сярод нашых пераваг - гэта выгаднае геапалітычнае размяшчэнне нашай краіны. Да ўсяго, Беларусь ужо прызнаная вузлавой платформай "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху". У нашай краіне дастаткова выгадных пляцовак з добрым прававым рэжымам".

У стварэнне індустрыяльнага парка з пачатку рэалізацыі праекта ўкладзена 300 мільёнаў долараў, і гэтая лічба будзе імкліва расці. Істотны прырост грашовых укладанняў забяспечыць павелічэнне рэзідэнтаў эканамічнай зоны. Год таму ў сілу ўступіў указ, які ўвёў на тэрыторыі парка падатковыя і мытныя льготы.

Павел Уцюпін, намеснік міністра эканомікі Беларусі:

"Аб'ём заяўленых інвестыцый, які ёсць тут па зарэгістраваных рэзідэнтах, гэта каля мільярда долараў. Адпаведна, да 2020 года стаіць задача аб тым, каб такіх інвестыцый было 2 мільярды. Паводле інфармацыі, якую мы сёння маем, да канца года будзе 400-450 мільёнаў".

У рамках дня Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка адкрылі вось гэты сквер Дружбы паміж Кітаем і Беларуссю. Зараз у ім 400 яблынь, будзе 800. На гэтыя мэты вылучаць каля 60-80 тысяч долараў. Бо захаванне экалагічнай абстаноўкі ў парку - гэта адна іх важных задач.