Маштабная мадэрнізацыя на БМЗ

8 апреля 2013

Тры мільёны тон сталі праз два гады. Жлобінскія металургі, каб выйсці на такія аб'ёмы вытворчасці, пачалі самую маштабную за ўсе гады мадэрнізацыю завода.
 


Віталь Краснабаеў больш  падрабязна.


У маі мінулага года тут была пустка. І толькі закладвалі капсулу пад будучы падмурак. Праз дзесяць месяцаў контур новага пракатнага стана не проста праглядваецца, а добра відаць. 150 метраў шырынёй і 700 метраў даўжынёй. Гэта па-сутнасці завод у заводзе. Шмат гадоў таму Беларускі металургічны і пачынаўся  прыкладна з такіх маштабаў.


Будаўніцтва новага цэха будзе каштаваць заводу 326 мільёнаў еўра і дазволіць дадаткова катаць 700 тон стальных нарыхтовак і прадаваць спажыўцу ўжо не паўфабрыкат, а канчатковы прадукт з больш высокай цаной.
 


Алег Кірыленка, намеснік галоўнага інжынера па развіцці сортапракатнай вытворчасці ААТ Беларускі металургічны завод: Тут адліваная нарыхтоўка пасля сталеплавільнай вытворчасці будзе перапрацоўвацца ў катанку, сартавы пракат у прутках і сартавы пракат у бунтах розных легіраваных, вугляродзістых сталяў, якія запатрабаваныя на рынку.


 


З пускам цэха львіная доля прадукцыі пойдзе на экспарт. Пры гэтым патрэбнасць унутранага рынку будзе закрытая на сто працэнтаў. Але будаўніцтва новага пракатнага цэха - гэта фінальны этап у мадэрнізацыі завода. Яна ж планавалася не толькі маштабная, але і комплексная. Гэты вапнавы міні-завод  па маштабах не параўнаецца з пракатным станам, але па значнасці  яму не саступае.  З яго пускам  вапну, неабходную для выпальвання шлакаў са  сталі, больш не прыйдзецца прывозіць.


З пускам гэтага агрэгата вытворчыя магутнасці завода не павялічацца, затое стане меншай нагрузка на экалогію. Пылегазаўлоўная ўстаноўка  пазбавіць завод ад шкоднага выкіду. Гарантавана і беражліва.
 


Сяргей Каўтанюк, вядучы энергетык сталеплавільнага цэха ААТ Беларускі металургічны завод: Гэта вялікі пыласос. Але калі ў дамашнім пыласосе адзін мяшок для пылу, то тут іх будзе каля 5-6 тысяч.
 


Цяперашнюю мадэрнізацыю на БМЗ ужо назвалі самай маштабнай за ўсе гады. Толькі сёлета на яе накіруюць без малога 3 трыльёны  рублёў.