М.Мясніковіч: у будаўнічую галіну неабходна прыцягваць больш замежных інвестыцый

21 июля 2017

Будаўнічую галіну неабходна пераўтварыць і прыцягваць больш замежных інвестыцый. Такое меркаванне выказаў Міхаіл Мясніковіч сёння на пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама па пытаннях будаўніцтва ў рэгіёне. Пастаўлена задача прыцягваць больш замежнага капіталу, а не здавольвацца ўнутранымі заказамі. Таксама старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў перадаць будтрэсты ў камунальную ўласнасць. Нагадаем, у мінулым годзе аб'ёмы будаўніцтва ў рэгіёне моцна знізіліся. Складанасці ў комплексе таксама з-за даўгоў і крэдытаў. Разабрацца ў праблеме Міхаіл Мясніковіч рэкамендаваў спецыяльнай камісіі.

Кіраўнік верхняй палаты парламента азнаёміўся і з ходам падрыхтоўкі Брэста да тысячагоддзя. У горадзе гэту дату адсвяткуюць у 2019 годзе. У праграме больш за 30 пунктаў, большая частка з якіх тычыцца будаўніцтва і рэканструкцыі. Будзе адрамантавана звыш 70 дамоў, з'явіцца буйная транспартная развязка "Заходні абход", рэалізавана культурна-гістарычная канцэпцыя горада. Таксама Міхаіл Мясніковіч падчас свайго візіту ў Брэсцкую вобласць правёў выязны прыём грамадзян у Ляхавічах.