Лепшы вопыт і новыя ідэі. У Мінску адкрыўся Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва

18 ноября 2019
У Мінску стартаваў Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва. Афіцыйнае адкрыццё завяршылася літаральна гадзіну таму. Тыдзень - эфектыўная пляцоўка для пошуку новых партнёраў і інвестараў, у тым ліку замежных. Дарэчы, прадпрымальнікаў і арганізацый у Беларусі са студзеня стала больш на 12 тысяч. Расце і ўклад у бюджэт - доля малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП краіны да канца года перавысіць 28,5 %. Пра гэта расказаў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой. Спрыяльна на дзелавы клімат уплывае Дэкрэт Прэзідэнта №  7  "Аб развіцці прадпрымальніцтва". Ён быў падпісаны  два гады таму.

У цэнтры ўвагі экспертаў Тыдня  падтрымка новых праектаў. Лідарства па крэдытаванні малога і сярэдняга бізнесу ўтрымлівае Беларусбанк - ужо заключана каля 6 тысяч дагавораў. З пачатку года на фінансаванне бізнес-ініцыятыў банк накіраваў больш за 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў. Праекты закранаюць практычна ўсе сферы дзейнасці.

Ключавая падзея тыдня - Міжнародны форум прадпрымальніцтва - пройдзе заўтра. Ён аб'яднае маладых і ўжо вопытных бізнесменаў, прадстаўнікоў улады і міжнародных экспертаў.