Ільняной галіне Беларусі для развіцця неабходная вертыкальна інтэграваная структура

5 мая 2017

Ільняной галіне Беларусі для развіцця неабходная вертыкальна інтэграваная структура, размова ідзе аб магчымым стварэнні холдынга. Вырошчваць, перапрацоўваць, вырабляць і рэалізоўваць гатовую прадукцыю ў новай структуры плануюць ужо ў наступным годзе. Такое меркаванне выказаў сёння прэм'ер-міністр Беларусі, наведваючы Мінскую і Віцебскую вобласці, і абяцаў вярнуцца да гэтай тэмы падчас пасяджэнняў урада. Андрэй Кабякоў таксама азнаёміўся з працай прамысловага прадпрыемства ў Талачынскім раёне, адмысловая ўвага нададзена Аршанскаму рэгіёну. Нагадаем, у красавіку Прэзідэнт краіны паставіў перад урадам задачу больш актыўна заняцца развіццём гэтай тэрыторыі. У прыватнасці, няпростая сітуацыя на Аршанскім інструментальным заводзе. Без тэхнічнага пераўзбраення рэанімаваць вытворчасць наўрад ці атрымаецца. Бізнес-план зараз праходзіць узгадненне ў Мінпраме. Рэалізацыя праекта прадугледжвае будаўніцтва новага вытворчага корпуса і закуп абсталявання агульным коштам каля 36 млн. долараў.

У другой палове мая Савет Міністраў правядзе выязное пасяджэнне ў Оршы, дзе дэталёва разгледзіць праблемы райцэнтра. Аб развіцці рэгіёна, мадэрнізацыі прамысловых гігантаў савецкіх часоў, вырашэнні пытанняў занятасці, а таксама прапановах ад урада па перазагрузцы эканомікі ў цэлым - глядзіце ў нядзелю ў "Галоўным эфіры".