Лясгасы Брэсцкай вобласці пачалі нарыхтоўку бярозавага соку

21 марта 2016

І хоць надвор'е няўстойлівае, у рэгіёне ў гэты сезон плануюць сабраць больш за 6 тысяч тон карыснага напою. Натуральны прадукт з беларускіх бяроз апошнія гады спадабаўся жыхарам ЗША, Заходняй Еўропы і нават Кітая. Вікторыя Патоня вывучыла тэхналогію вытворчасці і геаграфію паставак прыроднага эліксіра. Дарэчы, кошт бярозавага соку ў лясгасах застаўся на ўзроўні мінулага года - каля 1400 рублёў за літр. А вось прыбытак у такім бізнесе напрамую залежаць ад надвор'я.

Вясной бярозы плачуць, а гаі ператвараюцца ў сапраўдныя плантацыі па зборы празрыстага напою. У гэтым лясгасе на поўдні краіны нарыхтоўваць бярозавы сок пачалі раней за ўсіх.

Аляксандр Клебановіч, майстар лесу Чарнянскага лясніцтва:

"Нарыхтоўка прадоўжыцца ў залежнасці ад умоў надвор'я. Калі сок стане мутным, ён страчвае свае якасці, і нарыхтоўку спыняем".

Аптымальная тэмпература для збору соку - 6-10 градусаў цяпла. Спецыялісты ўпэўнены: захоўваючы тэхналогіі падсочкі, нашкодзіць дрэву нельга. Адтуліна для жалабка - не глыбейшая за 3 сантыметры. Ды і з кожнай бярозы забіраюць не ўвесь сок, а ўсяго некалькі літраў.

Напой з прэфіксам "эка" лясгасам прыносіць прыбытак. У гэтым сезоне толькі ў Брэсцкай вобласці маюць намер сабраць больш за 6 тысяч тон прыроднага эліксіра. У лясніцтвах можна набыць як нарыхтаваны сок, так і здабыць яго самастойна. Але тут галоўнае - атрымаць дазвол. Інакш штраф да 4 мільёнаў рублёў.

Лічыцца, што збіраць бярозавы сок лепш на ўзвышшах. Прычым датуль, пакуль на дрэвах не лопнуць почкі. Абавязковая ўмова - бяроза павінна быць дарослай, з дыяметрам ствала больш за 20 сантыметраў.

Прама з лесу - на перапрацоўку. Бярозы сок - прадукт, які хутка псуецца. На працягу чатырох гадзін яго трэба альбо замарозіць, альбо прастэрылізаваць. На гэтым камбінаце кожная партыя праходзіць лабараторны кантроль і тэрмічную апрацоўку. У антысептычных цыстэрнах бярозавы сок можа захоўвацца каля года, што дазваляе свежую прадукцыю пастаўляць на рынак у любы час.

Валянціна Грыгарук, галоўны тэхнолаг Маларыцкага кансерваваагародніннасушыльнага камбіната:

"Усе гаючыя ўласцівасці, якія мае бяроза, забірае сок бярозавы. І вось утрыманне прыроднага цукру, вітамінаў, мінералаў, гэтым і карысны сок. За кошт гэтага абумоўлена такая запатрабаванасць".

Інеса Іванова, начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і знешнеэканамічных сувязяў Маларыцкага кансерваваагародніннасушыльнага камбіната:

"Былі пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю, таксама Прыбалтыка. Адгружалася прадукцыя і ў Італію. Сёлета мы не збіраемся зніжаць аб'ёмы нарыхтоўкі. Таксама плануецца 500 тон нарыхтаваць. Першыя пастаўкі ў нас былі ў лютым у Кітай".

Бярозавы сок з Беларусі вельмі папулярны за мяжой. І як піша брытанская прэса, выцясняе какосавую ваду. Летась у ЗША бярозавік стаў хітом продажаў, а дыетолагі назвалі напой эліксірам прыгажосці і здароўя.