Лекі для лячэння віруснага гепатыту С выпусцілі ў Брэсцкай вобласці

20 февраля 2018

Акцэнт на імпартазамяшчэнне. Адзінае ў Брэсцкай вобласці фармацэўтычнае прадпрыемства першым у краіне выпусціла камбінаваныя лекі для лячэння віруснага гепатыту С. Раней такія прэпараты вырабляліся толькі за мяжой. А айчынныя прадпрыемствы фармгаліны прапаноўвалі спажыўцам комплекс таблетак. Зараз два прэпараты замяняе адзін. Асваенне вытворчасці новага так званага генерыка (гэта значыць аналага арыгінальных прэпаратаў) дасць магчымасць спажыўцу выбіраць, бо айчынны прэпарат па кошце больш даступны.

Вікторыя Патоня пацікавілася сакрэтамі тэхналогіі.

Гэтае прадпрыемства ў першую чаргу вядомае вытворчасцю гематагену. Яно адзінае ў краіне, дзе выпускаюць каля 20 відаў гэтай карыснай для людзей прадукцыі. Вырабляецца беларускі гематаген з натуральных кампанентаў, у аснове якіх альбумін. Ніякіх хімічных дабавак.

Але прыярытэтным напрамкам з'яўляецца выпуск генерыкаў - аналагаў арыгінальных прэпаратаў. У агульным аб'ёме вытворчасці лекавыя сродкі займаюць 60 %. Гэта звыш 70-ці найменняў таблетак, капсул, парашкоў і гранул. Рознага тэрапеўтычнага дзеяння.

Бяспецы і якасці прадукцыі на прадпрыемстве надаецца асаблівая ўвага. Доступ у памяшканні абмежаваны. Лініі знаходзяцца за спецыяльнымі вітражамі, у так званай чыстай зоне. Працэс максімальна аўтаматызаваны. А абсталяванне пасля кожнай змены падвяргаецца ачыстцы і санітарнай апрацоўцы, у тым ліку ультрафіялетам.

Драгічынскі фармацэўтычны завод стаў першым у краіне, дзе асвоілі тэхналогіі і выпусцілі першую серыю камбінаванага прэпарату для лячэння віруснага гепатыту С. Айчынны генерык здольны замяніць замежныя аналагі і даць выбар спажыўцу: замест комплекснага прыёму некалькіх прэпаратаў адначасова выкарыстоўваць адзін.

Першая серыя лекаў - каля 2 тысяч упаковак. Каб паставіць вытворчасць на паток, спатрэбілася каля года. Асваенне генерыкаў і імпартазамяшчэнне немагчымае без дбайнага кантролю. У лабараторыях выносяць галоўны вердыкт лекам. Высокаэфектыўны метад вадкаснай храматаграфіі дазваляе даследаваць адпаведнасць таблеткі арыгіналу.

Прадпрыемства ўваходзіць у склад холдынга "Белфармпрам". Менавіта ён рэгулюе вытворчасць лекавых сродкаў. Усяго фармацэўтычная галіна краіны аб'ядноўвае 37 прадпрыемстваў.

На тое, што айчынных медыкаментаў павінна быць на паліцах апатэк не менш за імпартных, неаднаразова накіроўваў Прэзідэнт урад і падкрэсліваў жорсткія патрабаванні да якасці беларускіх лекаў - яны павінны быць на ўзроўні сусветных стандартаў. Сёння ўжо звыш паловы прэпаратаў на рынку айчынныя. Ды і кошт на іх ніжэйшы. Але пакупнік павінен быць упэўнены ў якасці. І гэта прыярытэтная задача. Як і хто будзе ў далейшым кантраляваць выпуск прэпаратаў, іх рэалізацыю і імпарт? Адзіную схему павінны распрацаваць і прапанаваць Прэзідэнту ўжо ў першай палове года.

Сёння драгічынскі "Экзон" займае шостую пазіцыю ў краіне па колькасці вырабленых упаковак лекаў і БАДаў. Асноўны спажывец знаходзіцца ў Беларусі, бо акцэнт зроблены на імпартазамяшчэнне. Экспартныя пастаўкі складаюць да 15 %.

У найбліжэйшы час завод пашырыць свае магутнасці. Тут плануецца будаўніцтва сучаснага фармацэўтычнага цэха.