Лацінская Амерыка - перспектыўны курс

2 июня 2014
Новыя кірункі адкрываюцца на эканамічнай карце Беларусі. Перспектыўным курсам для нашай краіны аказалася Лацінская Амерыка. І тут, падобна, гатовыя да самых актыўных дзеянняў. Сёлета ў Мінску павінна адкрыцца гандлёвае прадстаўніцтва Эквадора. Панама запрашае да сабе беларускі бізнес. Акрамя таго, напярэдадні ў Маскве супрацоўнікі пасольстваў краін Лацінскай Амерыкі сустракаліся з нашымі вытворцамі.

Як усё прайшло, раскажа Максім Кароткін.

Правядзенне падобнай сустрэчы ў Маскве не павінна здзіўляць. Дыпламатычныя прадстаўніцтвы многіх лацінаамерыканскіх дзяржаў працуюць у Беларусі і Расіі па сумяшчальніцтве, супрацоўніцтва шмат у чым ідзе праз расійскую сталіцу. А вось для развіцця кантактаў беларускіх вытворцаў гатовы запрасіць на той бок акіяна.

Лацінская Амерыка - адзін са знешнепалітычных прыярытэтаў Беларусі, ёмісты рынак, які расце. Да нядаўняга часу апорным пунктам беларускага асваення гэтай часткі свету заставалася Венесуэла, аднак сітуацыя паступова змяняецца.

Наступным стратэгічным партнёрам абяцае стаць Эквадор. Кіраўнікі дзяржаў ужо абмяняліся візітамі. На мінскай сустрэчы восенню мінулага года Аляксандр Лукашэнка і Рафаэль Карэа ўжо абмяркоўвалі агульныя праекты - зборка беларускіх трактароў, вытворчасць аўтобусаў і будаўніцтва жылля.

Галоўны прыярытэт нашай краіны на гэтым рынку - не банальны гандаль, а перадача Беларуссю інавацый для сумесных вытворчасцяў. Першыя вынікі супрацоўніцтва з Эквадорам абяцаюць праявіцца ўжо сёлета.

Карлас Лема, саветнік, кіраўнік гандлёва-эканамічнай службы пасольства Эквадора ў Расіі: Мы вызначылі для сябе асноўныя кірункі супрацоўніцтва. Гэта імпарт прадукцыі машынабудавання і экспарт эквадорскіх тавараў на беларускі рынак. Гэты год будзе вельмі важным у сферы ўмацавання адносін паміж Беларуссю і Эквадорам.

Сёлета ў Мінску з'явіцца гандлёвае прадстаўніцтва Эквадора, як паведамілі на маскоўскай сустрэчы дзелавых і дыпламатычных колаў, ужо падабраны яго кіраўнік і ў ліпені пачне працу. Зрэшты, іншыя краіны рэгіёна таксама гатовыя супрацоўнічаць з Беларуссю. На сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі дзясятка пасольстваў. Многія з іх гатовыя актывізаваць супрацоўніцтва.

Габрыэль Рамон Соса Гарсія дэ Парэдэс, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Панамы ў Расіі: За 20 гадоў прадпрыемствы Беларусі моцна эвалюцыянавалі. Зараз беларускія тавары канкурэнтаздольныя ва ўсіх краінах свету. І я прапанаваў задумацца аб стварэнні беларускага гандлёвага прадстаўніцтва ў Панаме, каб беларуская прадукцыя была даступная для ўсіх краін Амерыкі. Бо Панама знаходзіцца ў яе цэнтры.

У першую чаргу лацінаамерыканскія краіны цікавіла прадукцыя машынабудавання, аднак дыпламаты гаварылі і аб інфраструктурных праектах. Парагвай, напрыклад, ужо ў найбліжэйшы час гатовы прыняць беларускіх вытворцаў на найбуйнейшай у краіне выставе.

Лацінская Амерыка - частка свету, якая толькі адкрывае сябе для Беларусі і сама адкрываецца для супрацоўніцтва. Нават найбуйнейшыя эканомікі Бразіліі, Аргенціны, Уругвая маюць патрэбу ў новых відах прадукцыі і новых тэхналогіях. І Беларусі ёсць што ім прапанаваць.