Лактаферын будуць выпускаць у новай лабараторыі Інстытута мікрабіялогіі Акадэміі навук

26 октября 2016

Гэты бялок дапаможа зладзіцца з інфекцыямі і анкалогіяй і стаць асновай для вытворчасці дзіцячага і дыетычнага харчавання. Лактаферын будуць выпускаць у новай лабараторыі Інстытута мікрабіялогіі Акадэміі навук. Эксперыментальную пляцоўку сёння афіцыйна паказалі журналістам. Атрымліваць чалавечы лактаферын будуць з малака трансгенных коз. Усе дэталі навуковых пошукаў мікрабіёлагаў раскажа Наталля Тарасюк.

Усю схему тэхналагічнага працэсу новай лабараторыі стваралі з нуля нашы мікрабіёлагі. Абсталяванне дазволіць вылучаць лактаферын - адзін з асноўных бялкоў груднога малака і кампанент імуннай сістэмы.

Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Мы маем ужо не доследную, а прамысловую вытворчасць лактаферыну. І наступны, заключны этап - выхад на канчатковыя, заключныя прадукты, якія будуць скарыстаныя на карысць насельніцтва".

Праект, па сутнасці, зарабіў у 2008. Менавіта тады, з увядзеннем гена чалавека ў клетку жывёліны, былі атрыманыя першыя трансгенныя козы. Сёння іх ужо 228.

Паводле падлікаў навукоўцаў, штогод з пяці тон трансгеннага казінага малака плануецца атрымліваць 5-6 кілаграмаў лактаферыну. А ў доўгатэрміновай перспектыве маюць намер зарэгістраваць фармсубстанцыю, асновай якой як раз і будзе гэты бялок.

Пакуль гаворка ідзе пра доследныя ўзоры, у іх выдатныя характарыстыкі. Перапрацоўваць у гэтай лабараторыі змогуць і замарожанае казінае малако.

З лактаферыну можна рабіць БАДы, дзіцячае і дыетычнае харчаванне, касметыку. Цуд-бялок дапаможа змагацца і з інфекцыйнымі і анкалагічнымі захворваннямі. Сусветная патрэбнасць ацэньваецца на 90 тон за год. Выпуск фармсубстанцыі ў тэорыі абяцае немалы прыбытак.

Атрымаць біялагічна актыўны лактаферын беспаспяхова спрабавалі ў Амерыцы і Кітаі. Беларускія навукоўцы разам з калегамі з Расіі змаглі даказаць, што гэта рэальна.