Кукурузнае поле, засеянае Аляксандрам Лукашэнкам і Ігарам Дадонам, дало добры ўраджай

9 сентября 2018

Сёлетні год стаў сапраўды ўраджайным у Малдове. І гэта прытым, што больш чым два месяцы ў краіне вінаграднікаў не было дажджоў. Засушлівыя ліпень са жніўнем як ні дзіўна аказаліся толькі на руку мясцовым вінаробам. Ужо хутка першыя партыі “Шарданэ”, “Рыслінгу” або “Пінануар” гэтага сезона акажуцца на паліцах нашых магазінаў. Ну а зараз да ўраджаю, насенне якога вясной заклалі прэзідэнты двух краін.

Нагадаем, у красавіку падчас афіцыйнага візіту ў Малдову Аляксандр Лукашэнка разам з Ігарам Дадонам засеялі кукурузнае поле. Яшчэ тады лідары запэўнілі: будучыя ўсходы дадуць небывалы ўраджай. І вось праз пяць месяцаў мы вырашылі паглядзець на поле двух прэзідэнтаў. Менавіта так малдаўскія селекцыянеры сёння называюць 28 гектараў, на якіх і расце тая самая кукуруза. А заадно праверылі, як наліваецца збожжа ў катахах. І асабіста пацікавіліся ў прэзідэнта Ігара Дадона аб ураджайных перспектывах на іншых палях супрацоўніцтва.

Інтэрв'ю з малдаўскім лідарам мы запісалі напярэдадні. А сёння стала вядома, што прэзідэнцкі картэж трапіў у ДТЗ, і, паводле інфармацыі СМІ, Ігар Дадон шпіталізаваны. Пажадаем Ігару Мікалаевічу здароўя.

Пра сяброўства, эканоміку, палітыку без купюр і малдаўскі шлях па беларускім узоры рэпартаж з Кішынёва.

Расказвае Аляксандр Харавец.

Вільготнасць збожжа будзе на ўзроўні 14-16 %. Яго практычна дасушваць не трэба. Добрая патэнцыяльная ўраджайнасць, і гэта з улікам таго, што апошнія два месяцы ў Малдове фактычна не было дажджоў. Паглядзець, як у Інстытуце раслінаводства "Парумбень" атрымліваюць каласальныя ўраджаі кукурузы, прыехалі навукоўцы з Беларусі і Украіны. Па словах Дзмітрыя Валодзькіна, калі насенне гэтых катахаў пасадзіць у нашу глебу, то рэальна знізіць сабекошт вытворчасці кармоў для жывёл. А адпаведна і павялічыць заробкі беларускіх аграрыяў.

Штогод у беларускую зямлю вясной кладзецца каля 30 тысяч тон насення кукурузы, амаль 5 тысяч тон мы імпартуем. Закрыць гэтую патрэбнасць дазваляе ў першую чаргу супрацоўніцтва з Малдовай. Навукоўцы дзвюх краін выводзяць сарты, якія найбольш прыстасаваныя да нашых глебаў. Намеснік дырэктара інстытута распавядае: нават сумесныя гібрыды тут называюць Бел-Ма (скарочана ад Беларусь і Малдова).

Навуковец не без гонару падкрэслівае: такі ўраджай яны змаглі атрымаць у першую чаргу дзякуючы своечасовай пасяўной.

А пачатак сяўбы стратэгічнай культуры для Малдовы далі адразу два прэзідэнты -Аляксандр Лукашэнка і Ігар Дадон падчас красавіцкага візіту Кіраўніка нашай дзяржавы, калі разам лідары дзвюх краін селі за руль трактароў.

У паўсядзённым жыцці яны ля руля дзяржавы, сёння - за рулём трактароў. Здаецца, такога мерапрыемства ў сусветнай практыцы афіцыйных візітаў яшчэ не было. Але хто лепш за Прэзідэнта Беларусі пакажа, як кіраваць жалезным "Беларусам". Ды і майстар-клас для агульнай справы: насенне, вырашчанае на гэтым полі, перададуць нашым аграрыям. Наконт гэтага ўчора дамовіліся прэзідэнты і замацавалі адказнага - губернатара Гомельскай вобласці.

Падчас эксклюзіўнага інтэрв'ю нашаму каналу Ігар Дадон прызнаецца: за ўсходамі на полі двух прэзідэнтаў сачыў асабіста. І ўраджай атрымаўся сапраўды небывалы.

У малдаўскіх вёсках фактычна ў кожным трэцім доме ёсць "Беларус". Напрыклад, у сяле Пакроўка на 480 двароў 120 трактароў. Практычна ўсе мадэлі МТЗ-82. І, як прызнаюцца мясцовыя жыхары, калі ў цябе няма такога трактара, значыць ты не гаспадар. І што самае галоўнае - беларускі кармілец не баіцца ніякай, нават самай цяжкай працы.

У сям'і фермера Кірыла Рыльскага два трактара і дзясяткі гектараў садоў. 24-гадовы хлопец прызнаецца: спачатку навучыўся ездзіць на МТЗ, а толькі потым на веласіпедзе "Аист". Нядаўна прымарыя Пакроўка (так тут называецца сельскі савет) атрымала новы трактар. Дарэчы, падарунак нашага Прэзідэнта. І перыядычна малады фермер на ім дапамагае вяскоўцам - возіць дровы або дастаўляе садавіну ў мясцовую школу.

Штогод на малдаўскіх палях з'яўляецца не менш за 6 соцень новых трактароў. Сёлета ў Кішынёве адкрыўся і завод па зборцы маленькіх "Беларусаў". Мотаблокі ў асноўным разбіраюць для працы на прысядзібных участках.

Калі трактары пераважаюць у малдаўскіх палях, то ў горадзе пальму першынства перахапілі тралейбусы. Дарэчы, адзін з самых папулярных відаў грамадскага транспарту ў кішынёўцаў. Аб гэтым красамоўна сведчаць і сухія лічбы статыстыкі. Штодня на маршруты малдаўскай сталіцы выходзяць 360 тралейбусаў. Каля 230 адзінак з іх беларускай зборкі. І за суткі перавозяць каля 350 тысяч пасажыраў. А гэта палова жыхароў Кішынёва.

Тут жа тралейбусы і збіраюць. Вось гэтая пяцёрка бела-сініх экааўтобусаў на гарадскія вуліцы выйдзе ўжо на наступным тыдні. Сёння на невялікім заводзе штогод збіраюць 20 такіх машын. Могуць і больш, гаворыць тэхнічны дырэктар. Але пакуль магчымасці гарадскога бюджэту не адпавядаюць магутнасцям прадпрыемства.

Абнавіць рухомы склад спадзяюцца за найбліжэйшыя 5-7 гадоў. І беларускі бок гатовы падставіць плячо. Акрамя таго, у планах і амбіцыйны праект па стварэнні ў Малдове сучаснай малочнай вытворчасці па беларускім узоры. З поўным цыклам - ад нарыхтоўкі кармоў да малака на прылаўках, бо якасць беларускай малочкі тут ведаюць і цэняць усе. Ды і самі малдаване прызнаюцца: сябраваць і працаваць з беларусамі - значыць, быць упэўненым у заўтрашнім дні.