Буйны інвестпраект рэалізуюць у Пухавіцкім раёне

4 августа 2019

Вывесці аграрную сферу на новы ўзровень дапамогуць біятэхналогіі. Па сутнасці, размова ідзе нават аб развіцці новай галіны ў краіне. 

За 50 кіламетраў ад Мінска ў Пухавіцкім раёне рэалізуюць буйны інвестпраект. Маштабны сельскагаспадарчы холдынг будзе перапрацоўваць пшаніцу і трыцікале ў камбікармы і амінакіслоты для жывёлы. 

Сапраўды, яго ўжо завуць прадпрыемствам заўтрашняга дня. Дакладней сказаць, карпарацыяй. Бо задуманы праект - гэта 14 заводаў, вытворчасць поўнага цыклу. БНБК (або Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя) пачне выпуск прадукцыі ўжо да канца наступнага года. Здача аб'екта пройдзе некалькімі этапамі. У цэлым праект разлічаны да 2032 года. 

Яго рэалізацыя - пад пільнай увагай Прэзідэнта і ўрада. Так, Аляксандр Лукашэнка даручыў дасканала распрацаваць сыравінныя зоны. Менавіта збожжа сёння - аснова глабальнай харчовай сістэмы. Ад яго якасці напроста залежыць якасць корму для жывёлы, а далей і прадуктаў харчавання ў магазінах. 

Акцэнтаваў сваю ўвагу Прэзідэнт і на рынках збыту. Прадпрыемства экспартаарыентаванае, каля 80 % гатовай прадукцыі плануюць прадаваць за мяжу, у асноўным у краіны Еўрасаюза, а таксама ў Расію і Украіну. 

Асобнае даручэнне Кіраўніка дзяржавы - наконт кадраў. Па-першае, забяспечыць высокі ўзровень кваліфікацыі спецыялістаў, падлучыць да працы Акадэмію навук і ВНУ. А па-другое, дапамагчы ў рашэнні жыллёвага пытання. 

Вытворчасць у Пухавіцкім раёне дазволіць скараціць колькасць пасярэднікаў, максімальна патанніць прадукт і сэканоміць на імпарце, бо на закупку замежных амінакіслот і камбікармоў за год гаспадаркі краіны выдаткоўваюць каля 200 мільёнаў долараў. 

Новыя прадпрыемствы - гэта тысячы рабочых месцаў, а значыць, і ў цэлым дадатковае развіццё рэгіёна, у тым ліку і горада-спадарожніка Рудзенска.