Найбуйнейшы італьянскі вытворца верталётаў Agusta-Westland зацікаўлены ў супрацоўніцтве з нашай краінай. Беларуская ўрадавая дэлегацыя напярэдадні наведала ў Італіі вытворчую пляцоўку сусветнага лідара ў галіне верталётабудавання. Гэта кампанія выпускае машыны як для ваенных, так і цывільных мэт. Офісы фірмы размешчаны ў Італіі, Вялікабрытаніі, Польшчы і ЗША. Па выніках мінулага года прыбытак Agusta-Westland склаў каля 4 з паловай мільярдаў еўра. Аб'ём партфеля размешчаных заказаў перавышае 4 мільярды еўра. Кампанія ўваходзіць у склад канцэрна "Фінмеканіка", аднаго з найбуйнейшых машынабудаўнічых холдынгаў Еўропы. Зараз абмяркоўваецца магчымасць уключэння беларускіх прадпрыемстваў у вытворчы ланцужок па выпуску верталётаў. Перамовы, якія гэтымі днямі адбыліся ў Мілане і Турыне, вывелі краіны на новы ўзровень супрацоўніцтва. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, падводзячы вынікі візіту ў Італію.
Для актывізацыі адносін паміж дзвюма краінамі ў найбліжэйшы час будзе створаны Савет дзелавога супрацоўніцтва. Чакаецца, што ў наступным годзе Мінск наведае прадстаўнічая дэлегацыя італьянскіх бізнесменаў.