Буйная партыя пажарных аварыйна-выратавальных машын адправілася ў Манголію

4 июня 2020
Спецтэхніка на экспарт для бяспекі цэлай краіны! Буйная партыя пажарных аварыйна-выратавальных машын адправілася ў Манголію. Гэта сумесны праект барысаўскіх і мінскіх спецыялістаў. 25 аўтацыстэрнаў зроблены з улікам кліматычных асаблівасцяў рэгіёна пастаўкі. 

З горада на Бярэзіне - рэпартаж Аляксея Кандраценкі.

За плячыма плённая праца, а наперадзе - шлях даўжынёй сем тысяч кіламетраў! 25 новых аўтацыстэрнаў накіроўваюцца на працу з Барысава ва Улан-Батар. Манголія - рэгіён з няпростымі кліматычнымі ўмовамі. Аднак нашы машынабудаўнікі да гэтага падрыхтаваліся. 

Уладзімір Гогалеў, вядучы спецыяліст Мінскага аўтамабільнага завода: "Аналагічныя аўтацыстэрны ўжо эксплуатуюцца сіламі МНС РБ і зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку. Адзінае, што нам прыйшлося дапрацаваць шасі пад спецыфіку Манголіі. Там тэмпературны рэжым можа быць ад мінус 40 да плюс 50. Гэта стэпы, горы. Таму дапрацаванае шасі дазволіць выконваць пастаўленыя задачы".

Да асновы шасі МАЗ дадаюць інавацыйныя распрацоўкі кампаніі з Барысава, дзе ёсць штат сваіх інжынераў і канструктараў. Адзін з актуальных трэндаў - не толькі дызайн і карысныя функцыі машын, але і лёгкія і звыштрывалыя матэрыялы. 

Большая частка кабіны, як і сама цыстэрна на 5 000 літраў, - з арміраванага шклапластыку. Матэрыял антыкаразійны. Пажарная помпа, якая выкідвае 40 літраў вады за секунду. У такой машыне ўсё прадумана для эфектыўнай працы. 

Сярод экспартных напрамкаў таксама Арменія, В'етнам, Расія, Казахстан. Тэхніка прадпрыемства запатрабавана і ў нашай краіне. Адно з ноу-хау – аўталесвіца на 32 метры - зараз на тэсціраванні ў барысаўскіх ратавальнікаў. 

Уладзімір Пікуза, начальнік Барысаўскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі: "Гэтая тэхніка - вялікая дапамога гораду Барысаву, бо горад дынамічна развіваецца, будуецца шмат жылля шматпавярховага. Дзякуючы гэтай тэхніцы ў нас на ўзбраенні жыхары горада могуць быць упэўненыя: калі адбудзецца надзвычайнае здарэнне, то мы заўсёды прыйдзем на дапамогу". 

Усяго па кантракце сёлета ў Манголію экспартуюць 73 розныя аварыйна-выратавальныя машыны, сярод іх такая эксклюзіўная тэхніка, як мабільныя шпіталі. Адначасова прадпрыемства створыць сетку лакальных і міжнародных сэрвісных цэнтраў.