Капыльскі рэгіён стаўку ў гэтым сезоне робіць на травяністыя кармы

22 июня 2015

Як надвор’е вымушае спецыялістаў пераглядаць агранамічную карту? Якія работы зараз вядуцца на палях, з чаго сянаж найбольш пажыўны? Наша здымачная група толькі што вярнулася з поўдня Мінскай вобласці. Адзін з найбуйнейшых раёнаў рэгіёна - Капыльскі - стаўку ў гэтым сезоне робіць на травяністыя кармы.

Рэпартаж Юліі Токар.

У самым буйным раёне вобласці - Капыльскім, траву косяць выключна высокапрадукцыйныя камбайны. Вось гэты кормаўборачны агрэгат за змену можа сабраць амаль 600 тон. Што тычыцца культур, сёлета ў раёне аддалі перавагу баркуну, люцэрне, канюшыне.

Свой дзень Уладзімір Казакевіч пачынае а 6 гадзіне раніцы. Да напружанай працы прызвычаіўся. Летам у механізатараў - асаблівы графік.

Недахоп вільгаці, а ў гаспадарцы “Ціміразеўскае” дажджу чакалі два месяцы, замаруджваў рост травяных культур. Засушлівае надвор’е вымусіла аграрыяў перагледзець агранамічную карту. Кукурузу замянілі люцэрнай. Сянаж з яе атрымліваецца больш пажыўны. Чатыры ўкосы даюць больш за 400 тон зялёнай масы.

Умяшчальнасць гэтай сянажнай траншэі - амаль 2 тысячы тон. Трактары працуюць кругласутачна, каб утрамбаваць траву і давесці яе да тэмпературы 37 градусаў. Менавіта такая патрэбна для аптымальных тэрмінаў захавання.

Якасны корм спрыяе добрым надоям і прыбаўцы ў вазе. Таму да тэхналогіі нарыхтоўкі траў тут падыходзяць адказна. Зрэшты, як да ўсяго аграпрацэсу. У гаспадарцы зрабілі стаўку на вузкую спецыялізацыю і не памыліліся. Большую частку сельгасугоддзяў засяваюць бульбай, цукровымі буракамі і льном.

Капыльскаму раёну неабходна нарыхтаваць 250 тысяч тон сенажу і 22 тысячы тон сена. Большую частку ўжо сабралі. Астатні запас кармоў плануюць папоўніць падчас другога ўкосу.