Канец рабочага тыдня пройдзе пад знакам беларуска-ўкраінскага дыялогу

20 июля 2017

З афіцыйным візітам у гэту краіну накіраваўся Аляксандр Лукашэнка. У Кіеве адбудзецца некалькі раўндаў двухбаковых перамоў. Запланавана сустрэча беларускага лідара з Пятром Парашэнкам. У цэнтры ўвагі прэзідэнтаў будуць пытанні палітыкі, эканомікі, гуманітарнага супрацоўніцтва. Паказчыкі ўзаемнага тавараабароту за мінулы год амаль 4 мільярды долараў яўна не адлюстроўваюць патэнцыялу дзвюх краін. Мінск і Кіеў плануюць ужо ў найбліжэйшы час выйсці на дакрызісны ўзровень адносін. Гэтаму будзе спрыяць і сумесны бізнес-форум. Якія праекты дапамогуць прасунуць агульную эканоміку - рэпартаж Аляксея Адашкіна.

Беларуская прысутнасць ва Украіне заўважна кожнаму ўжо на Майдане Незалежнасці. Па Крашчаціку курсуюць аўтобусы МАЗ 114-га маршруту, які звязвае адзін з найбуйнейшых спальных раёнаў з цэнтрам. Летась Кіеў купіў 50 адзінак гэтай пасажырскай тэхнікі. А ўжо ў гэтым чэрвені мінскі завод атрымаў заказ на яшчэ сотню такіх вось жоўтых аўтобусаў для ўкраінскай сталіцы. Не адстае МАЗ і ў сегменце грузавікоў. Ёсць амбіцыйная задача - ужо ў найбліжэйшы час заняць чвэрць усяго рынку нашай паўднёвай суседкі. Статыстыка паўгоддзя гаворыць, што такая мэта - цалкам рэальная.

Рынак Украіны для беларускіх вытворцаў - адзін з найважнейшых кірункаў. Гэтая краіна займае другое месца сярод усіх нашых знешнеэканамічных партнёраў.

За гады незалежнасці тавараабарот паміж нашымі краінамі павялічыўся з некалькіх сотняў мільёнаў долараў да амаль 8 мільярдаў у 2012 годзе. Палітычны крызіс ва Украіне істотна паўплываў на ўзаемную эканоміку. Аднак сёння лічбы статыстыкі фіксуюць адраджэнне адносін. Тэндэнцыя аптымістычная. Але каб яе замацаваць, прыйдзецца дасканала папрацаваць і Мінску, і Кіеву.

У 2016 тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай перавысіў 3,8 мільярда долараў. Рост у параўнанні з 2015 на 10 з паловай працэнтаў. Па выніках пяці месяцаў 2017 - станоўчая дынаміка і прыкметнае паскарэнне. Са студзеня па май узаемны гандаль павялічыўся больш як на чвэрць у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года.

Імпартам-экспартам з двух бакоў займаюцца больш за 5 тысяч кампаній і фірм. Прычым сальда гандлю складваецца на нашу карысць. Летась Беларусь амаль на 2 мільярды долараў больш прадала ва Украіну, чым купіла.

Эканоміка асабліва добра будуецца на моцным палітычным фундаменце. У гэтай сферы ў Мінска і Кіева няма рознагалоссяў, а ёсць даверныя адносіны і жаданне рухацца наперад.

Лідары дзвюх краін у красавіку гэтага года за адзін дзень паспелі правесці перамовы на тэрыторыі і Беларусі, і Украіны. Тады ж Пётр Парашэнка запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Кіеў з афіцыйным візітам.

Прайшло менш за тры месяцы, і вось сёння беларускі борт нумар адзін урачыста сустракалі ў міжнародным аэрапорце Барыспаль. Лета ва Украіне, як і ў Беларусі, не радуе добрым надвор'ем. Але на гэтым тыдні да нашых паўднёвых суседзяў усё ж прыйшло цяпло.

Усе афіцыйныя перамовы прэзідэнтаў пройдуць заўтра. Мяркуецца, што лідары пагутараць як сам-насам, так і ў пашыраным фармаце. Эканоміка будзе галоўнай тэмай. Гандаль, інвестыцыі, прамкааперацыя, энергетыка, сельская гаспадарка, лагістыка - кірункаў узаемнай цікавасці вельмі шмат. Зразумела, Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка абмяркуюць і ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны. Мінск ужо даказаў, што вяртанне міру суседзям - наш знешнепалітычны прыярытэт. Адначасова з перамовамі на вышэйшым узроўні ў Кіеве заўтра пройдзе і сумесны бізнес-форум.

Для ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве зарэгістравалася каля 400 бізнесменаў. Чакаецца падпісанне паўтара дзясятка кантрактаў, агульная сума якіх перавысіць 40 мільёнаў долараў. Усяго адзін насычаны перамовамі дзень працы топ-менеджараў абяцае прыкметны ўсплёск дзелавой актыўнасці па лініі Мінск - Кіеў.

Украіна ідзе на збліжэнне з Еўрасаюзам. Беларусь - актыўны ўдзельнік Еўразійскага саюза. Рознабаковая інтэграцыя можа прынесці ўзаемную выгаду і пашырэнне геаграфіі экспарту. Сумесна выпушчаную прадукцыю - ад ліфтаў і да камбайнаў - можна зараз з вялікім поспехам прасоўваць на рынкі трэціх краін.

Агульная гісторыя, сумесная мяжа даўжынёй у тысячу кіламетраў і такое жаданне зрабіць сваю краіну эканамічна моцнай. Беларусь і Украіна настроены ўжо ў найбліжэйшы час выйсці на дакрызісны ўзровень адносін. Галоўнае, што такое жаданне падмацавана палітычнай воляй лідараў дзвюх краін. Заўтрашнія афіцыйныя перамовы ў Кіеве гэта пацвердзяць.