Комплексная мадэрнізацыя беларускай эканомікі павінна закрануць кожную вытворчасць

10 апреля 2013

Задача складаная, але вырашальная - гэта паказваюць канкрэтныя прыклады. На Мазырскім НПЗ мадэрнізацыя выходзіць на фінішную прамую. Бліжэй да лета, як плануецца, будзе запушчана тое, што завуць галоўнай навінкай гэтага года - усталёўка вакуумнай перапрацоўкі мазуту.  Зрэшты, як паказвае практыка, што роднай эканоміцы добра, то канкурэнту-суседу - не вельмі.


 


Суадносіны кошт - якасць беларускага прадукту не дае супакою нафтавым кампаніям Украіны і Расіі. Аб гэтым і не толькі - Віталь Краснабаеў.


Тэхналогіі - самыя перадавыя. А стандарт якасці ўзроўню Еўра 5. І гэта далёка не мяжа. Флагман беларускай нафтанкі - Мазырскі НПЗ - праводзіць фінальны этап мадэрнізацыі.


Гэтая ўсталёўка вакуўмнай перапрацоўкі мазуту - галоўная навінка цяперашняга года. Пакуль тут вядуць пусканаладжвальныя працы. Да лета ўсталёўка павінна ўжо быць запушчаная. Тады тоны  мазуту на ёй будуць ператварацца ў тоны  якаснага паліва.


На мове спецыялістаў гэта завецца глыбіня перапрацоўкі нафты. Праз чатыры гады яе на заводзе давядуць да 90%. Гэта значыць - нафта, перапрацаваная тут, стане безадходнай сыравінай, а гэта і дадатковы прыбытак для прадпрыемства, і іншы ўзровень якасці прадуктаў. На гэта завод арыентаваўся.


Суадносіны кошт - якасць ставяць у віну беларусам канкурэнты на ўкраінскім і расійскім рынках. Не маючы магчымасці пацясніць мазырскае паліва, украінскія нафтаперапрацоўшчыкі просяць свой Кабінет міністраў увесці загараджальныя пошліны на беларускія бензіны і дызель.


Сяргей Куюн, дырэктар кансалтынгавай групы А-95 (Украіна): Уладальнікі ўкраінскіх НПЗ лабіруюць свае інтарэсы. І з кожным годам па меры таго як беларуская нафтаперапрацоўка мадэрнізуецца, украінская, наадварот, стагнуе. У адсутнасць інвестыцый канкурыраваць з беларускім палівам становіцца ўсё больш складана.


Спроба выцесніць беларусаў з украінскага рынку нафтапрадуктаў - не першая ў найноўшай гісторыі. Трэба думаць, і не апошняя. Мазыране аб прэтэнзіях канкурэнтаў ведаюць. І разумеюць падаплёку канфлікту. Але аргументацыя ў канкурэнтаў кульгае. Мазырскі НПЗ у апошнія гады ў мадэрнізацыю ўклаў парадку 800 мільёнаў долараў. Найбліжэйшы завод ва  Украіне абмежаваўся 20-мільённым уліваннем. Адпаведна ўкладанням вызначаецца і якасць гатовага прадукту.


Віталь Паўлаў, намеснік генеральнага дырэктара ААТ Мазырскі НПЗ: Нашы нафтапрадукты самай высокай якасці. І мы канкурыруем, і гатовыя далей канкурыраваць на сегменце рынку высокаякасных бензінаў. Вядома, не хацелася б, каб прымаліся нейкія загараджальныя меры на рынку Украіны.


Паводле падобнага сцэнарыя развіваецца сітуацыя на расійскім бензінавым рынку. Ёсць інфармацыя, што нафтавыя кампаніі просяць Мінэнерга Расійскай Федэрацыі абмежаваць імпарт беларускага бензіну. Эксперты Беларускай нафтавай кампаніі сітуацыю каменціруюць вельмі асцярожна.


Віктар Краснянскі, намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ Беларуская нафтавая кампанія: Мне складана каменціраваць гэтае пытанне. Таму што аб'ёмы нарошчваюцца ў РФ, пастаўкі працягваюцца, і ніякіх змен пакуль не чакаецца.