Компас гандлю паказвае на поўдзень. Аб блізкіх перспектывах з афрыканскімі краінамі

25 февраля 2018

Наступная тэма можа ў літаральным сэнсе сагрэць, асабліва гэтымі марознымі лютаўскімі днямі. Размова пойдзе аб гарачай Афрыцы: Беларусь працягвае асвойвацца і замацоўвацца на Чорным кантыненце.

Бясспрэчна, зараз эканамічная і палітычная роля Афрыкі значна ўзрасла ў параўнанні з нядаўнім мінулым. Там ужо вылучаецца група краін, якія хутка стануць "афрыканскімі львамі" па аналогіі з "азіяцкімі тыграмі". Афрыка сёння - каласальная крыніца рэсурсаў, крыніца рабочай сілы. Да 2050 года 60% прыросту рабочай сілы ў сусветным маштабе будзе даваць менавіта яна.

А яшчэ гэта перспектыўны рынак - насельніцтва Чорнага кантынента пераваліла за мільярд. Інтарэс да нашай краіны канкрэтны - наша тэхніка, інавацыі ў галіне сельскай гаспадаркі, высокіх тэхналогій і многае іншае. Усё больш беларускіх кампаній актыўна працуюць у гэтым кірунку, увасабляючы новы, прагматычны падыход да міжнароднага супрацоўніцтва на Далёкай дузе.

Прымаючы даверчыя граматы ў новых паслоў у пачатку года, Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Беларусь можа прапанаваць партнёрам самыя розныя мадэлі інтэграцыі. Для гэтага ёсць добры эканамічны фундамент. Таксама важную ролю ў развіцці міждзяржаўных адносін выконваюць ужо прынятыя рашэнні па развіцці дзелавой ініцыятывы і інвестклімату ў цэлым.

Склаўшы ўсе плюсы разам, Беларусь прадпрымае добрую спробу ўкараніцца ў новую сістэму эканамічных адносін з афрыканскімі краінамі. Больш падрабязна аб гэтым - Андрэй Лапцёнак.

Гавораць, падбярэш ключы да гэтага рэгіёна, для цябе адкрыецца ўся Афрыка. Блізкасць да Еўропы робіць гэтыя землі асабліва прывабнымі. За ўплыў тут гатовыя ва ўсіх сэнсах змагацца палітыкі і бізнесмены. Не дзіўна, што адбудоўваючы эканоміку пасля "арабскай вясны", мясцовыя палітычныя эліты больш давяраюць сваёй арміі, пакуль адзінаму гаранту мірнага будаўніцтва.

Егіпет. Недалёка ад Каіра. Прадпрыемства Kader factory - адна з кампаній, якая ўваходзіць у Арабскую арганізацыю па індустрыялізацыі, поўная назва "Завод Кадэр для развіцця прамысловасці". Аб'ект рэжымны. Галоўны канвеер - па сутнасці, вытворчасць ваеннай тэхнікі. Табу на здымку, але нешта, як яны самі адзначылі, з павагі да беларусаў, нам дазваляюць зняць на камеру. Дакладнае рэзанне браніраванай сталі і такарная апрацоўка нейкіх вузлоў для ваенных машын, а ў суседнім цэху - вытворчасць спартыўных трэнажораў - абсалютна мірнай прадукцыі.

Пяць адзінак тэхнікі - пагрузчыкі грузападымальнасцю тры, чатыры і пяць тон, універсальны пагрузчык з бартавым паваротам і дызельны вілачны пагрузчык грузападымальнасцю 5 тон "Амкадор 451". З дастаўленых машынакамплектаў іх сабралі ўжо тут, у Егіпце.

Абдэльсадзік Абдэльрахім, старшыня Савета дырэктараў кампаніі Kader factory for Developed Industries:

"Вялікая частка егіпецкай прамысловасці створаная і пабудаваная пры ўдзеле краін Савецкага Саюза. Я прызнаюся, мы ўсе вельмі сумуем па тых адносінах, па тым узроўні супрацоўніцтва, які мы мелі. Нашы прэзідэнты, сустракаючыся, паабяцалі нашым народам, што зробяць усё, каб вярнуць супрацоўніцтва на ранейшы ўзровень, асабліва ў сферы прамысловасці. Мы заўважылі, што паміж нашай кампаніяй і кампаніяй "Амкадор" ёсць вытворчае падабенства. Вядома, у Паўночнай Афрыцы вялізная канкурэнцыя. Цяжка канкурыраваць з Caterpillar, але ў нас ёсць перавага - мы дзяржаўная кампанія і, прасоўваючы прадукцыю "Амкадора", мы спрабуем упэўніць у якасці беларускай тэхнікі".

Кіраўнік кампаніі, спадар Абдэльрахім не ўтойвае аптымізму: два з пяці вопытных узораў, якія сабралі, прададзеныя, ёсць пагадненне. Акрамя таго, абвешчаны дзяржаўны тэндар на пастаўку 20 пагрузчыкаў і ў тэхнікі "Амкадор" добрыя шанцы.

Афрыка - важная частка далёкай дугі беларускай знешняй палітыкі і эканомікі.

Патэнцыял вялікі: калі скласці амбіцыі беларускіх партнёраў на кантыненце, атрымаем перспектыўны тавараабарот парадку трох мільярдаў долараў. У тым ліку, гэта сур'ёзная частка стратэгіі дыверсіфікацыі нашага экспарту. Ужо не толькі прадукцыя Калійнага камбіната. А ў першую чаргу - наша тэхніка. Егіпет - ключавы гулец. Менавіта тут адкрытыя зборачныя вытворчасці МТЗ і МАЗа.

А гэта значыць, што сабраная тут беларуская тэхніка будзе прадавацца бязмытна практычна на ўсім кантыненце.

Усяго ж, напрыклад, у БелАЗа ў партнёрах тры краіны Афрыкі. У Мінскага аўтазавода восем адрасатаў пастаўкі. У МТЗ самая шырокая сетка: 25 краін-кліентаў. Мэта - тры мільярды - ставіцца і з разліку перспектыўных паставак харчавання.

На нядаўняй сустрэчы з міністрам замежных спраў Алжыра - ключавой краінай у арабскай Афрыцы, Аляксандр Лукашэнка зробіць акцэнт менавіта на такім супрацоўніцтве.

І галоўная выснова. Афрыканскія краіны, нягледзячы на нізкую базу, апошнія гады паказваюць неверагодныя працэнты росту ВУП. Зразумела, кожная з гэтых краін яшчэ павінна прайсці вялікі шлях да павышэння ўзроўню жыцця, новых ведаў і тэхналогій. Але менавіта таму важна, хто дасць веды, хто дасць тэхналогіі, хто дапаможа асвоіць іх уласныя рэсурсы і адбудаваць новы эканамічны парадак. Сёння ёсць усе перадумовы для таго, каб Беларусь магла выкарыстаць свае магчымасці, вопыт спецыялістаў, магчымасці нашай прамысловасці ў Афрыцы, дзе трэба практычна ўсё. Магчыма, рухаемся павольна, але сапраўды ў правільным кірунку.