Кампанія "Амкадор" гатовая адкрыць зборачную вытворчасць тэхнікі ў Пакістане

25 мая 2015

Такая дамоўленасць дасягнута падчас пакістана-беларускага бізнес-форуму. Напярэдадні першага афіцыйнага візіту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан у сталіцы гэтай дзяржавы высадзіўся беларускі бізнес-дэсант. Дзелавыя колы дзвюх краін абмеркавалі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Пакістанскія кампаніі выказалі зацікаўленасць у закупцы беларускай сельскагаспадарчай, дарожнай і прамысловай тэхнікі, а таксама стварэнні сумесных зборачных вытворчасцяў. Па выніках бізнес-форуму падпісана 12 гандлёвых пагадненняў на 42 мільёны долараў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26-27 мая будзе знаходзіцца з афіцыйным візітам у Ісламскай Рэспубліцы Пакістан. Кіраўнік дзяржавы правядзе перамовы з прэзідэнтам Пакістана, прэм'ер-міністрам і спікерам парламента гэтай краіны. Па выніках візіту чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў.