Камітэт дзяржкантролю правядзе маніторынг экспартнага патэнцыялу беларускіх тавараў

20 марта 2015

Наколькі эфектыўна беларускія тавары прадаюцца на знешніх рынках, праверыць Камітэт дзяржкантролю. Маніторынг экспартнага патэнцыялу запланаваны на гэты год. У першую чаргу спецыялісты будуць ацэньваць працу тавараправодных сетак, пабудаваных за межамі краіны. Пра гэтыя і іншыя планы ведамства распавялі сёння на выніковай калегіі. Асаблівай увагі з боку КДК варта чакаць усім аб'ектам, на мадэрнізацыю або будаўніцтва якіх вылучаюцца буйныя сумы з бюджэту. Ужо пачалася і працягваецца маштабная праверка нафтаперапрацоўчай галіны, у прыватнасці, Мазырскага і Наваполацкага заводаў канцэрна "Беннафтахім". Працягнецца і маніторынг будаўнічай галіны.

Леанід Анфімаў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі: "Мы будзем на кантролі трымаць вылучэнне сродкаў на будаўніцтва АЭС. Зноў жа па даручэнні Кіраўніка дзяржавы будзе знаходзіцца пад кантролем будаўніцтва МКАД-2 і, вядома, аграпрамысловы комплекс. Тое, што сёння спажывае вялікія грошы, вядома, будзе знаходзіцца ў полі зроку Дзяржкантролю".

Па выніках мінулага года дзякуючы працы КДК у бюджэт паступіла амаль паўтара трыльёна рублёў. Яшчэ столькі ж атрымалася зэканоміць на неабгрунтаваных выдатках. Пры гэтым колькасць праверак скарацілася амаль на 15%.