Камітэт Дзяржкантролю і Генпракуратура прапаноўваюць змяніць распрацоўку навукова-тэхнічных праграм

12 апреля 2017

Камітэт Дзяржкантролю і Генпракуратура прапаноўваюць змяніць парадак планавання і распрацоўку навукова-тэхнічных праграм. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі сумеснай калегіі КДК і пракуратуры. Асаблівую ўвагу надалі аналізу вынікаў, атрыманых падчас маніторынгу практычнай аддачы ад укаранення распрацовак. Толькі ў 2015 годзе на навуковыя даследаванні дзяржава вылучыла больш за два трыльёны недэнамінаваных рублёў. Аднак не ўсе грошы выкарыстоўваліся эфектыўна: праблемы існуюць як на стадыі фарміравання праграм, так і пры ўкараненні іх у вытворчасць.

Павел Пінчук, начальнік галоўнага ўпраўлення Камітэта дзяржкантролю Беларусі:

"Асноўная прычына - гэта недастакова якасная прапрацоўка тэхніка-эканамічных абгрунтаванняў праекта па асобных праграмах. Напрыклад, распрацоўваецца доследны ўзор вырабу. На выхадзе атрымліваем, што 80 % камплектуючых гэтага вырабу імпартныя. Пра якую канкурэнтаздольнасць зможа ісці размова ў гэтай сітуацыі?".

Сёлета кантралёры сумесна з пракурорамі ўжо праверылі Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама шэраг іншых навуковых устаноў. Усім сабраным матэрыялам спецыялісты даюць адпаведную ацэнку.