Гаспадаркі Барысаўскага раёна на гэтым тыдні плануюць завяршыць сяўбу ярыны

2 апреля 2019

У гэтыя дні ў палях насычаная работа. Адначасова рыхтуюць глебу для высадкі зернебабовых і падкормліваюць азімыя. Сёлета з улікам кліматычных умоў стаўка на кукурузу. Пад гэтую культуру адвялі большыя плошчы.

Пра гаспадарлівы падыход да хлебнай справы - Юлія Токар. Народную мудрасць пра вясновы дзень, які год корміць, ведае, бадай, кожны механізатар. Пасяўная для аграрыяў - сур’ёзная праверка на трываласць. Таму кожная гаспадарка імкнецца тэрмінова пасеяць, а пасля атрымаць годны ўраджай. Мікалая Голуба - агранома гаспадаркі "Вялікія Навасёлкі" Барысаўскага раёна - жартоўна называюць старажылам. Працуе на гэтых палях вось ужо чатыры дзясяткі гадоў. Адзначае, што сёлетняя вясна, яе мінусавыя тэмпературы ўначы крыху стрымліваюць тэмпы, але ж калі днём высокі плюс захаваецца, яравыя культуры паспеюць пасеяць да канца тыдня.
І пакуль такія мабільныя распыляльнікі падкормліваюць першыя зялёныя парасткі азімай пшаніцы, насупраць энерганасычаныя трактары сеюць яравы ячмень і авёс. У адным такім бункеры змяшчаецца дзве тоны збожжа, якое летам дасць ураджай мінімум на васьмі гектарах.
Рыхтуюць глебу і пад зернебабовыя. Для лепшай ураджайнасці вырашылі гарох высаджваць разам з аўсом і пшаніцай.
На агракарце адвялі месца і залатым пачаткам. Пад кукурузу толькі ў гэтай гаспадарцы адвялі плошчаў на 500 гектараў больш, чым летась. Кармоў будзе дастаткова. А значыць, і мяса-малочнай прадукцыі.