Ход уборачнай кампаніі, сітуацыя з падзежам жывёлы і поўная перапрацоўка драўніны - тэмы рабочай паездкі Прэзідэнта ў Старадарожскі раён

16 августа 2019

Ход уборачнай кампаніі, сітуацыя з падзежам жывёлы ў краіне і нацыянальная праграма поўнай перапрацоўкі драўніны. Гэтыя тэмы сталі ключавымі падчас сённяшняй рабочай паездкі Прэзідэнта ў Старадарожскі раён Мінскай вобласці.

Традыцыйна агляд сітуацыі Кіраўнік дзяржавы пачынае з ходу жніва. Нягледзячы на нестабільнае надвор'е, час для аграрыяў сапраўды гарачы. Прынцыповая задача ў такіх складаных умовах  - не страціць ні аднаго каласка. У гэтым ланцужку важная кожная дэталь: ад асабістай дысцыпліны да строгага выканання тэхналогій. Менавіта таму такую ўвагу Прэзідэнт надае культуры земляробства - неабходная прадуманная стратэгія ўборачнай. Хлеб трэба ўбраць своечасова і якасна. Згодна з планам,  сёлета ў краіне з улікам кукурузы павінны сабраць больш за 9 мільёнаў тон збожжа.

Таксама Аляксандр Лукашэнка наведаў малочна-таварную ферму гаспадаркі "Шапчыцы-агра". Яна подшэфна кампаніі "Атлант". На падворку працуе вялікая каманда, каля сотні спецыялістаў. За апошнія гады сюды інвеставалі прыкладна 4 мільёны рублёў. І ўжо ёсць аддача. Толькі за мінулы год прыбытак склаў 5 мільёнаў. А вось у завода "Атлант"  не ўсё так добра. Прэзідэнт мае намер дэталёва разабрацца, што адбываецца ў цэхах прамысловага гіганта. Магчыма, прадпрыемству акажуць дзяржпадтрымку, наперадзе аналіз сітуацыі. Яшчэ адно праблемнае пытанне, якое абмяркоўвалася сёння,  - падзеж жывёлы. Па выніках года будзе падлічана колькасць загінуўшых галоў у кожнай вобласці і ў цэлым па краіне. 

Па гэтых фактах абуральнай безгаспадарчасці Прэзідэнт паабяцаў сур'ёзныя разборы. Так, летась толькі ў Мінскай вобласці загінула каля 20 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Яшчэ адзін пункт прэзідэнцкага маршруту - Старадарожскі доследны лясгас. Прагучала ініцыятыва - стварыць у краіне поўны цыкл перапрацоўкі драўніны, у тым ліку нізкаякаснай. Для гэтага распрацуюць нацыянальную праграму. Адзін з этапаў - будаўніцтва пелетных заводаў. 

Попыт на паліўныя пелеты, якія вырабляюць з нізкаякаснай драўніны, вельмі высокі, асабліва ў Заходняй Еўропе. Планы на найбліжэйшыя пяць гадоў - арганізаваць перапрацоўку па максімуме, каб выключыць загніванне драўняных матэрыялаў. Аляксандру Лукашэнку паказалі яшчэ адзін добры прыклад манетызацыі лесу: Прэзідэнта пачаставалі мясцовым бярозавым сокам і падарылі мёд, выраблены старадарожскім лясгасам. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.