Ход пасяўной кампаніі ў Беларусі маніторыць Камітэт дзяржкантролю

31 марта 2022
Аператыўна выправіць недахопы, каб у выніку атрымаць годны ўраджай - Камітэт дзяржкантролю падчас маніторынгу за ходам пасяўной выявіў шэраг праблем: негатовасць тэхнікі, недахоп удабрэнняў і насення і незахаванне агратэхналогій. Вынікі праверак былі  накіраваныя мясцовым уладам і ўраду. І пры паўторным кантролі некаторыя пытанні ўдалося ўстараніць, аднак у цэлым сітуацыя мала змянілася. Напрыклад, са 135 правераных гаспадарак у 52 не хапае механізатараў. Некаторыя прадпрыемствы нават не змаглі прыступіць да сяўбы ранняй ярыны. Сярод вострых пытанняў - неналежнае захоўванне і дэфіцыт мінеральных удабрэнняў. Большасць такіх фактаў устаноўлена ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. І сёння ўсе праблемы абмеркавалі на пасяджэнні калегіі. Перад Мінсельгасхарчам і аблвыканкамамі пастаўлена задача: пасяўная павінна прайсці ў аптымальныя тэрміны і з выкананнем усіх тэхналогій.

Па фактах недаглядаў і парушэнняў пры падрыхтоўцы і правядзенні вяснова-палявых прац да адказнасці прыцягнуты 42 службовыя асобы. Жорсткі кантроль за сітуацыяй працягнецца.