Хлеб - адзін з гастранамічных сімвалаў Старадарожскага краю

15 июня 2016

Мінская вобласць сёлета плануе сабраць больш за два мільёны тон збожжавых. Зараз сельгасарганізацыі рыхтуюцца да жніва. А пакуль карысць прыносіць леташні ўраджай. Перапрацоўшчыкі павялічваюць асартымент хлеба і хлеба-булачнай прадукцыі. Прычым, для ўнутранага рынку і экспарту. Як традыцыйныя рэцэпты суіснуюць з сучаснымі тэхналогіямі і хто галоўны пастаўшчык харчавання на сяле? Аляксей Кандраценка з падрабязнасцямі са Старадарожскага раёна.

Дарогі Старыя, а прыродныя багацці пад імі - па-ранейшаму новыя. Вось ужо 25 гадоў гэтыя паўднёвыя землі Мінскай вобласці дораць усім беларусам здароўе і добры настрой. Прычым, кожны можа выбраць і яго аб'ём: Старадарожскую мінеральную ваду разліваюць у бутэлькі ад паловы да паўтара літра. Нязменна прыродную якасць гарантуе свідравіна на глыбіні 336 метраў.

Таццяна Турэц, мікрабіёлаг УП «Старадарожскі Кааппрам»: "У склад яе ўваходзяць такія мікраэлементы, як кальцый, натрый, калій, магній, фтор. Усе яны вельмі важныя для арганізма чалавека. Наша вада можа выкарыстоўвацца як сталовая, так і па прызначэнні ўрача ў лячэбных мэтах".

15 разнавіднасцяў напояў, сярод якіх мінеральная вада, мабыць, самая папулярная. Менавіта яна прыйшлася даспадобы жыхарам Разанскай вобласці Расіі. Для Старадарожскага кааппрама - гэта новы кантракт. Прадпрыемства - адзін з галоўных пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання як у сваім раёне, так і ў суседзяў.

Алена Казачок, выконваючая абавязкі дырэктара УП «Старадарожскі кааппрам»: "Мы вырабляем каўбасныя вырабы, хлеб, ваду. Сваю прадукцыю мы ў першую чаргу пастаўляем у Старадарожскі раён. Гэта такія ўстановы, як школы, бальніцы, дзіцячыя сады".

За змену хлебазавод вырабляе больш за дзве тоны прадукцыі. Сярод 50 відаў тавараў ёсць і свае правераныя часам любімчыкі.

Свежы, духмяны і натуральны, нібы з бабулінай печы! Класічны хлеб, які па форме нагадвае цэглу, адзін з гастранамічных сімвалаў Старадарожскага краю. Менавіта такі варта прывезці з сабой ў Мінск.

Каштоўнасць такога прадукта ў яго традыцыйнай рэцэптуры, якую ўвасабляе сучаснае абсталяванне.

Ірына Шафарэнка, галоўны спецыяліст лабараторыі хлебазавода УП «Старадарожскі кааппрам»: "Пастаянна, як і ў мінулым, нашы бабулі пакідалі частку закваскі, кансервавалі, потым яе на заўтра разводзілі. Такім чынам на прадпрыемстве працуе разводачны цыкл і робіцца закваска".

У хлебаробаў Мінскай вобласці хутка пачнецца свой аграрны «цэйтнот» - уборка збожжавых. Зрэшты, лета - гарачая пара і ў спажыўкааперацыі. Дзякуючы Старадарожскім вытворцам, механізатары і ўсе працаўнікі палёў будуць з халоднай вадой і цёплым караваем.