"Камволь" завяршыў мадэрнізацыю

5 декабря 2017

Найбуйнейшае ў краіне прадпрыемства па вытворчасці тэкстылю завяршыла мадэрнізацыю. "Камволь" упершыню за некалькі гадоў выйшаў на прыбытковую працу. Цалкам новыя тэхналогіі, канкурэнтная прадукцыя, новыя рынкі збыту - і гэта не толькі Беларусь і Расія, нашу тканіну пазнаюць у Азіі і краінах Еўрапейскага саюза. Ці зможа "Камволь" узяць ад мадэрнізацыі ўсё? І калі па беларускую тканіну ў чаргу выстраяцца дызайнеры з сусветным імем, раскажа Вераніка Бута.

Анатоль Суботка па цэхах прадпрыемства намотвае не меней за 15 кіламетраў за дзень. Па-першае, ён кіруе найбуйнейшым у краіне вытворцам тэкстыльнай прадукцыі. Па другое, прадпрыемства перажывае другое нараджэнне і зараз пад пільным кантролем на самых розных узроўнях. У ролі гендырэктара мінскага "Камволя" Суботка менш за год, з красавіка. Да гэтага былі і Слонімская КПФ, і высокая пасада ў "Беллёгпраме". Разабрацца ў трыкатажных тонкасцях не складана - вопыту дастаткова. А зараз да вопыту дадаліся і новыя тэхналогіі.

Тэхналагічная адсталасць "Камволя" апошнія некалькі гадоў цягнула прадпрыемства ўніз. Працавалі ў мінус, грошай на зарплаты людзям не было. Адрадзіць вытворчасць вырашана ў канцы 2012-га. Тады, падчас наведвання прадпрыемства, Кіраўнік дзяржавы вырашае паспрабаваць яго выратаваць.

І вось вынік - праз 4 гады. Так, ператварэнне каштавала нямала – больш за 110 млн долараў: перабудаваць прадпрыемства прыйшлося на 99 %. Зараз у цэхах усталяваныя амаль 300 адзінак самага сучаснага абсталявання. Ужо бачны першыя вынікі ад мадэрнізацыі.

Да канца года на прадпрыемстве выпусцяць 2 млн 300 тысяч метраў тканіны. План на наступны - амаль у два разы больш. Турэцкія партнёры дапамогуць рэалізаваць прадукцыю, дылерскі кантракт ужо падпісаны.

Турэцкія спецыялісты будуць прадаваць далёка не "ката ў мяшку", яны на працягу запуску новых ліній ужо не адзін месяц працуюць на прадпрыемстве, перадаюць нам свае тэхналогіі. Стаўка на высокатэхналагічны прадукт - напаўваўняная і ваўняная тканіна. Усяго тут плануюць асвоіць і вырабіць больш за 100 разнавіднасцяў, будзе сярод іх і эліта.

Але яшчэ не менш важна чуць адказ. Нават калі пытанне на замежнае. Тэлефаную на прадпрыемства па нумарах, пазначаных на сайце, ад імя супрацоўніка французскай кампаніі…

Хоць версія сайта ёсць і на англійскай мове, гэта значыць замежных пакупнікоў тут відавочна чакаюць.

Зрэшты, чакаюць і перакладчыкаў, праўда, турэцкай мовы. На прадпрыемстве адкрыта вакансія. Усяго на "Камволь" патрабуюцца больш за 100 працаўнікоў. Зарплаты 500-700 рублёў за месяц. Але гатовы плаціць і больш - каля тысячы. Па большасці спецыяльнасцяў - аплата здзельная.

Сусветны вопыт паказвае, каб мець максімальны прыбытак, вытворца тканіны павінен працаваць у цесным кантакце са швейнымі прадпрыемствамі. Такое супрацоўніцтва плануе наладзіць і "Камволь". У партнёры выбраў навагрудскі "Белкрэда" - там шыюць мужчынскія касцюмы - каля 200 тысяч за год.

Шыць гэтыя касцюмы, не выключана, будуць паводле італьянскіх эскізаў. "Камволь" вядзе перамовы з заканадаўцамі высокай моды. Ужо ў наступным годзе да распрацоўкі новых мадэляў плануюць прыцягнуць дызайнераў, вядомых па работах з брэндамі Чэруці і Марзота. Назваць касцюм на 100 % беларускім пакуль не атрымаецца. Сыравіну для вытворчасці тканіны на "Камволі" ў асноўным выкарыстоўваюць імпартную: да прыкладу, поўсць аўстралійскіх авечак. З беларускіх: тэсціруюць магілёўскае хімвалакно.

Пруг - свайго роду знак якасці тканіны, робіць машына. Надпіс пацвярджае, тканіна выраблена на "Камволі" і прадпрыемства нясе поўную адказнасць за свой прадукт.

Мадэрнізацыя ўжо паказала вынік: упершыню за апошнія некалькі гадоў "Камволь" выйшаў на прыбытковую працу. Рэнтабельнасць каля 6 %. Пераабсталяванне прадоўжыцца. На прадпрыемстве пачалі мантаж новага абсталявання: неўзабаве тут пачнуць фарбаваць тканіну ў палотнах (гэта значыць ужо практычна гатовую). Гэта дазволіць больш аператыўна выконваць заказы.