Як зарабіць у глыбінцы? Бізнесменам удалося ўдыхнуць новае жыццё ў вёску

20 Студзеня 2019

Як можна зарабіць у глыбінцы. Удыхнуць новае жыццё ў звычайную вёску ўдалося бізнесменам у Полацкім раёне. Некалькі гадоў таму ў Фарынаве арганізавалі прадпрыемства па выпуску металаканструкцый. Магчымасць зарабіць з'явілася ў многіх жыхароў сельскай мясцовасці. Высокааплатныя вакансіі знайшліся і для спецыялістаў з гарадоў.

Зараз сярэдняя зарплата на прадпрыемстве больш за тысячу рублёў. Шануецца прафесіяналізм і жаданне ўдасканальвацца. Характэрна, што пляцоўкай для развіцця бізнесу сталі плошчы, якія пуставалі. Зараз аб непрывабных шэрых будынках не засталося і ўспамінаў. Людзі працуюць у камфортных умовах на самым сучасным абсталяванні. Рэпартаж Марыны Раманоўскай.

Сяргей Ліпко віртуозна спраўляецца з інтэлектуальным станком. Сучаснае абсталяванне дазваляе ствараць запатрабаваную прадукцыю - завод спецыялізуецца на выпуску металаканструкцый. Але ўсё ж самы каштоўны рэсурс прадпрыемства не разумныя машыны, а прафесійны калектыў. Сваё рабочае месца тут знайшлі 400 сушукальнікаў.

Сяргей Ліпко, аператар станкоў з праграмным кіраваннем завода па выпуску металаканструкцый: "Радуе зарплата. Ну і мясцовая адміністрацыя цесна супрацоўнічае з кіраўніцтвам завода, адбываецца паляпшэнне ўмоў у самой вёсцы. Гэта вельмі важкі ўклад у развіццё вёскі".

Асабліва чакалі адкрыцця завода жыхары самой вёскі. У Фарынаве ёсць школа, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, магазіны, аптэкі. Не хапала толькі моцнай вытворчасці. Людзі былі вымушаныя шукаць працу за дзясяткі кіламетраў. З адкрыццём завода карціна змянілася - зараз сюды, у вёску, працаваць едуць нават з Полацка і Наваполацка. Пасля таго, як завод перайшоў на трохзменны графік, спатрэбіліся спецыялісты рознага профілю.

Сярэдні ўзрост калектыву - 35 гадоў. На маладым прадпрыемстве ўжо ствараюцца сямейныя дынастыі. Сярод важкіх плюсаў - магчымасць хуткага кар'ернага росту. Летась тут укаранілі вытворчую сістэму, у аснове якой - падтрымка перспектыўных ініцыятыў калектыву. Па такім прынцыпе працуюць вядомыя сусветныя кампаніі.

Атрымаць вопыт у гэтых цэхах імкнецца моладзь. Завод актыўна супрацоўнічае з ВНУ і сярэдне-спецыяльнымі ўстановамі. Рабочыя прафесіі ў цане. Летась свой першы запіс у працоўнай кніжцы тут атрымалі 20 маладых спецыялістаў. Ды і сам завод можна назваць кузняй кадраў, адзін з прынцыпаў - пастаяннае павышэнне прафесіяналізму супрацоўнікаў. Для навучання абсталяваныя спецыяльныя кабінеты. Галоўнае - жаданне працаваць.

У 2018 годзе ў паўночным рэгіёне краіны, дзякуючы прадпрыемствам і вытворчасцям, якія адкрыліся, створаныя тысячы новых рабочых месцаў. Асаблівая ўвага - райцэнтрам. Найбольш маштабныя праекты атрымалася рэалізаваць у Талачынскім раёне - тут пачалі выпускаць беконную свініну, а таксама ў Дубровенскім - інвестар уклаўся ў гасцінічна-забаўны комплекс.

Таксама ў Віцебскай вобласці працягваецца будаўніцтва яшчэ аднаго буйнога прадпрыемства - завода белай бляхі ў Мёрах. Ён стане адным з самых высокатэхналагічных у краіне.

Канстанцін Чорны, намеснік старшыні Камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама: "Завода, які б вырабляў харчовую белую бляху, што адпавядае самай высокай якасці сусветных стандартаў, няма. Аб'ём інвестыцый па гэтым заводзе мы чакаем каля 300 мільёнаў долараў".

Новую для нашай краіны прадукцыю пачнуць выпускаць і на заводзе ў Фарынаве. Размова ідзе аб зварным рашотачным насціле. Зараз такія пакрыцці прыходзіцца закупляць за мяжой. Рэалізацыя інвестпраекта ўключаная ў дзяржпраграму інавацыйнага развіцця Беларусі. На заводзе з'явяцца яшчэ 30 новых рабочых месцаў.

Іван Свірко, першы намеснік генеральнага дырэктара завода па выпуску металаканструкцый: "Мы выбралі месца, дзе ў нас будзе размешчаная гэтая інавацыйная тэхналогія, выбралі асноўных пастаўшчыкоў тэхналагічнага абсталявання. Упэўненыя, што спыніліся на самым перадавым. Мы плануем ажыццяўляць пастаўку і на ўнутраны, і на замежны рынак".

Гледзячы на сучасныя карпусы, складана паверыць, што яшчэ некалькі гадоў таму гэтыя памяшканні былі ў поўным запусценні. Дрэвы, распавядаюць мясцовыя жыхары, тут раслі нават на даху, у цэхах гуляў вецер. Каб навесці парадак, патрабаваўся гаспадарскі падыход. А яшчэ вялізнае жаданне падарыць невялікай вёсцы вялізныя перспектывы.


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя