Якасці і бяспецы малочнай прадукцыі ў Беларусі надаецца павышаная ўвага

16 марта 2018

Таксама вядзецца актыўная работа па яе электроннай ветэрынарнай сертыфікацыі. Пра гэта сёння расказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц на семінары ў Ваўкавыску. Паводле яго слоў, спецыялісты зацікаўленых ведамстваў Беларусі і Расіі працуюць у цесным кантакце, каб забяспечыць суправаджэнне нашай малочнай прадукцыі электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі.

Леанід Заяц, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Малочная галіна - адзін з найважнейшых напрамкаў у аграпрамысловым комплексе. Якасці малочнай прадукцыі ў Беларусі надаецца павышанае значэнне. Мы сёння не толькі кормім насельніцтва, але і вялікую частку гатовай прадукцыі экспартуем на рынкі трэціх краін. І ў гэтым выпадку наша галоўная задача - гарантаваць бяспеку прадукцыі".

Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі. Краіна на чацвёртай пазіцыі ў свеце па экспарце сыроў і на пятай па экспарце сухога абястлушчанага малака. Па гандлі сметанковым маслам у тройцы сусветных лідараў. За год амаль 5 мільярдаў долараў продажаў за мяжу. У асартыменце малочнай прамысловасці больш за паўтары тысячы найменняў. І вырабляюцца гэтыя прадукты ў адрозненне ад замежных аналагаў выключна з натуральнага малака.